Ігар Петрышэнка паўтарыў пароль паўстанцаў: Каго любіш? Люблю Беларусь!

Ігар Петрышэнка паўтарыў пароль паўстанцаў: Каго любіш? Люблю Беларусь!

Беларускі віцэ-прэм'ер Ігар Петрышэнка выступіў на цырымоніі развітання з Кастусём Каліноўскім і 19 паўстанцамі, якая ў пятніцу прайшла ў кафедральным саборы ў Вільні. Ён прадстаўляў нашу краіну (Літва і Польшча былі прадстаўлены прэзідэнтамі, якія ў сваіх прамовах шмат гаварылі "пра нашу і вашу свабоду").

Петрышэнка выступіў па-беларуску. Ён назваў сённяшняе перапахаванне паўстанцаў гістарычным момантам, аднолькава важным для народаў Беларусі, Польшчы, Літвы і Латвіі. "Большасць асобаў, якім мы сёння аддаем даніну памяці, з'яўляюцца сынамі беларускай зямлі", — сказаў віцэ-прэм'ер. Ён адзначыў, што дзейнасць Кастуся Каліноўскага "звязана з перарастанем беларускага нацыянальна-культурнага руху ў барацьбу за беларускую дзяржаўнасць". Ігар Петрышэнка згадаў пароль паўстанцаў: "Каго любіш? Люблю Беларусь!". Віцэ-прэм'ер заявіў, што асоба Каліноўскага назаўжды ўпісаная ў гісторыю нашай краіны.

Добрая прамова была сапсавана словамі пра недапушчальнасць выкарыстання постаці Каліноўскага "у палітычных мэтах". Пасля гэтага ў натоўпе пачуліся крыкі "Ганьба!".

У Вільню прыехалі тысячы беларусаў, якія трымаюць бел-чырвона-белыя сцягі.

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч у сваёй прамове сказаў, што Каліноўскі — "высокародны сын беларускага народу", што ён "усведамляў беларусаў, як асобную нацыю, якая мае права на самавызначэнне".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі