Хто і з якім лікам вядзе у дыпламатычнай вайне ЗША і Беларусі?

Пётр Марцаў лічыць, што жорсткія патрабаванні Мінска не прыносяць ЗША нейкай адчувальнай шкоды. А нават слабыя дзеянні ЗША больш адчувальныя. Казулін стане пэўным чынам закладнікам. Пакуль Штаты будуць ціснуць – ён будзе сядзець у турме. Раман Якаўлеўскі разважае, што спыніць канфлікт дыпламатаў, можа толькі беларускі бок. Ён павінен “зменшыць свой градус накалу”. Андрэй Саннікаў упэўнены, што ад’езд “на кансультацыі” Карэн Сцюарт, а потым і скарачэнне штату супрацоўнікаў амбасады ЗША з’яўляюцца праявай добрай волі Вашынгтона. Сёння следам за амбасадаркай ЗША Карэн Сцюарт Беларусь пакінулі 17 супрацоўнікаў амерыканскага дыпламатычнага прадстаўніцтва ў нашай краіне. Выканаўшы такім чынам чарговае патрабаванне афіцыйнага Мінску. Усе заўважылі, што дыпламатычную гульню зараз вядзе менавіта Мінск. Еўрарадыё звярнулася да экспертаў, каб даведацца, што за гэтым стаіць – добрая воля Вашынгтона ці звычайная дыпламатыя.

На думку міжнароднага аглядальніка Рамана Якаўлеўскага, амбасадарка ЗША пакінула нашу краіну толькі пад пагрозай таго, што яе аб’явяць персонай нон-грата. Дыпламатцы быў прад’яўлены ультыматум, выканаць які яна была павінна на працягу 24 гадзін. 17 супрацоўнікаў амбасады з’ехалі з Беларусі толькі таму, што Вашынгтон не хацеў абвастраць адносіны з Мінскам. І “Венская канвенцыя” тут ні пры чым.

Раман Якаўлеўскі: “Нельга так казаць, што яны выконваюць, ідучы насустрач. Яны проста павінны выконваць. І калі беларускі бок кажа, што гэта згодна з “Венскай канвенцыяй”, то амерыканскі бок так не лічыць, быццам нейкі парытэт павінен быць у складзе амбасад. Усё гэта вылічвае бок, які дасылае дыпламатаў – мае ён рэсурсы матэрыяльныя утрымліваць такую колькасць ці не.
Як і Беларусь, якая палічыла патрэбным адкрыць амбасаду ў Венесуэле. І колькі там будзе чалавек, будзе залежаць ад матэрыяльных рэсурсаў Лукашэнкі. Усё павінна адпавядаць інтарэсам краіны”.

Па яго словах, дэмарш афіцыйнага Мінску выкліканы толькі санкцыямі супраць канцэрна “Белнафтахім”.

Раман Якаўлеўскі: “Санкцыі супраць канцэрна “Белнафтахім” рэальна ўплываюць на рэсурсавую базу кіруючага рэжыму Беларусі”.

Міжнародны аглядальнік сцвярджае, што “дыпламатычная вайна” паміж Мінскам і Вашынгтонам не мае нічога агульнага з гандлем за Казуліна.

Раман Якаўлеўскі: “Пасля ўчорашніх падзей у Мінску я б не стаў казаць ні пра які гандаль. Што тычыцца амерыканскага боку, то ў іх ёсць ясныя патрабаванні, агучаныя раней. Але, як высветлілася, былі нейкія таемныя перамовы і абяцанні з боку Мінску, якія той не выканаў”.

На яго думку, спыніць канфлікт дыпламатаў можа толькі беларускі бок. Ён павінен “зменшыць свой градус накалу”.

Галоўны рэдактар “БДГ” Пётр Марцаў лічыць, што лідэрства Мінску ў супрацьстаянні з Вашынгтонам фармальнае. І Беларусі яно не прыносіць нічога акрамя шкоды.

Пётр Марцаў: “Патрабаванні нашага МЗС не носяць нейкі фантастычны характар і вынікаюць з тых афіцыйных адносінаў, якія ў нас ёсць з ЗША. Яны дастаткова фармальныя і не прыносяць ЗША нейкай адчувальнай шкоды. А нават слабыя дзеянні ЗША па блакаванні рахункаў “Белнафтахіму” прыносяць значна большую шкоду. Таму і гэтае лідэрства ў канфлікце фармальнае”.

Усё, што зараз адбываецца паміж Мінскам і Вашынгтонам, ён называе “жорсткім дыпламатычным дыялогам”. І пакуль ён жорсткі, беларускія ўлады Казуліна не выпусцяць.

Пётр Марцаў: “Я думаю, што асноўная прычына канфлікту палітычная. ЗША патрабуюць дэмакратызацыі, у іх разуменні, беларускага рэжыму. А мы стараемся гэтыя патрабаванні не выконваць -- і, адпаведна, атрымліваем. Такім чынам, вельмі складана дамовіцца пра што-небудзь. І Казулін тут стане пэўным чынам закладнікам. Пакуль Штаты будуць ціснуць – ён будзе сядзець у турме”.

Па яго словах, вырашаць сітуацыю неабходна перамовамі. Бо Беларусі гэты канфлікт у доўгатэрміновай перспектыве не выгадны. Нават калі ён вырашае нейкія сённяшнія тактычныя задачы беларускай улады.

Былы намеснік міністра замежных спраў Беларусі Андрэй Саннікаў кажа Еўрарадыё, што ад’езд “на кансультацыі” Карэн Сцюарт, а потым і скарачэнне штату супрацоўнікаў амбасады ЗША з’яўляюцца праявай добрай волі Вашынгтону ў адносінах з Мінскам.

Андрэй Саннікаў: “Венская канвенцыя” не рэгулюе гэтых пытанняў. Там ёсць прынцып роўнасці, але такая вялікая краіна, як ЗША, можа сабе дазволіць больш дыпламатаў, чым непараўнальна меншая Беларусь”.

Па яго словах, за ўсімі эканамічнымі санкцыямі Вашынгтона стаіць палітыка. Дакладней, невыкананне Мінскам дадзеных палітычных абавязальніцтваў.

Андрэй Саннікаў: “Беларускі бок папярэджвалі,што гэта можа адбыцца, бо былі пэўныя абяцанні беларускага боку, датычныя палітвязняў і перш за ўсё Казуліна. Яны не былі выкананыя. І беларускі бок не верыў, што гэта можа адбыцца. А калі яно адбылося, паследавала такая істэрычная рэакцыя. Але гэта не гандаль за Казуліна. Ён стаў той нагодай, з-за якой разгарнуўся канфлікт, але тут няма гандлю”.

Усе тры суразмоўцы Еўрарадыё сышліся на меркаванні, што спыніць канфлікт можна, толькі калі сцішацца нервовыя страсці ў Мінску. ЗША ад сваіх пазіцый не адмовяцца, і выкананне імі патрабаванняў беларускага боку ў гэтым сэнсе нічога не азначае. А стратаў ад “дыпламатычнай вайны” наша краіна нясе больш, чым ЗША.

Фота: photo.bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі