Хто будзе праводзіць экзітполы на беларускіх выбарах-2020

Выбары пройдуць 9 жніўня / Еўрарадыё
Выбары пройдуць 9 жніўня / Еўрарадыё

Цэнтрвыбаркам Беларусі заявіў, што экзітполы на беларускіх выбарах маюць права праводзіць арганізацыі, акрэдытаваныя ў Камісіі па апытаннях грамадскай думкі пры Акадэміі навук. Для гэтага ім нават не патрабуецца запрашэння ад ЦВК.

Да мінулых прэзідэнцкіх выбараў, якія прайшлі ў 2015 годзе, такіх арганізацый было шэсць. Знайсці актуальны спіс у нас не атрымалася. За пяць гадоў ён, відавочна, змяніўся — напрыклад, інфармацыйна-аналітычны цэнтр пры Адміністрацыі прэзідэнта, які значыўся ў ім, у 2019 годзе ліквідаваны.

Мы даведаліся, хто ўваходзіць у спіс акрэдытаваных сацыялагічных структур, і пацікавіліся ў іх, ці збіраюцца яны праводзіць экзітполы на выбарах-2020.

Інстытут сацыялогіі НАН праводзіць экзітпол на выбарах-2020 не будзе. Кіраўнік арганізацыі Генадзь Коршунаў цяпер у адпачынку. Прэс-сакратар Нацыянальнай акадэміі навук, якая адказвала на пытанне Еўрарадыё, не патлумачыла, з якой прычыны экзітполу не будзе.

На выбарах 2015 года Інстытут сацыялогіі быў сярод трох арганізацый, якія праводзілі экзітполы. Таксама іх праводзілі Моладзевая лабараторыя сацыялагічных даследаванняў Рэспубліканскага саюза грамадскіх аб'яднанняў "Беларускі камітэт моладзевых арганізацый" і Інстытут параўнальных сацыяльных даследаванняў "Еўразійскі барометр". Вынікі кожнай з іх паказалі, што Аляксандра Лукашэнку на выбарах падтрымалі больш за 80% беларусаў.

"Еўразійскі барометр", выглядае, згарнуў сваю дзейнасць: навін пра яго няма з 2016 года. У Беларускім камітэце моладзевых арганізацый Еўрарадыё расказалі, што Моладзевая лабараторыя сацыялагічных даследаванняў "прапрацоўвае пытанне арганізацыі экзітпола на выбарах". Гэтая арганізацыя ўжо апытвала выбаршчыкаў на папярэдніх выбарах. Зараз жа, кажуць у лабараторыі, усё залежыць ад эпідэміялагічнай сітуацыі.

Яшчэ адна акрэдытаваная для сацдаследаванняў арганізацыя — Цэнтр сацыяльна-гуманітарных даследаванняў БДЭУ — ад каментароў адмовілася.

У Цэнтры сацыялагічных даследаванняў навукова-даследчай часткі Міжнароднага ўніверсітэта "МІПСА" Еўрарадыё расказалі, што арганізоўваць экзітпол на прэзідэнцкіх выбарах не будуць, бо "не атрымлівалі такіх прапаноў".

Кто будет проводить экзитполы на белорусских выборах-2020
Прадстаўнікі "Еўразійскага барометра" на выбарах у 2015 годзе / belta.by

Адзіная арганізацыя, якая на цяперашні момант пацвердзіла намер працаваць на выбарах-2020, — гэта аналітычны цэнтр ECOOM. Зрэшты, замест традыцыйнага апытання на выхадзе з выбарчых участкаў яна збіраецца правесці... тэлефоннае апытанне.

— Мы акрэдытаваныя праводзіць экзітпол, але сёлета не будзем. Гэта будзе іншае даследаванне, бо тэрміналагічна экзітпол — гэта апытанне на выхадзе з участкаў, — тлумачаць у ECOOM. — А мы будзем праводзіць тэлефоннае апытанне ў дзень галасавання. Паўплывала сітуацыя з каранавірусам. Проста ёсць людзі, якія ідуць на кантакт, ёсць тыя, якія неадэкватна рэагуюць, калі да іх падыходзяць.

Навошта наогул патрэбныя экзітполы?

Апытанні грамадзян на ўчастку адразу пасля галасавання дазваляюць ацаніць празрыстасць выбараў і ў самыя кароткія тэрміны паведаміць пра перавагі грамадзян. Дзякуючы экзітполу папярэднія вынікі прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў Польшчы сталі вядомыя адразу пасля закрыцця ўчасткаў. Яны супалі з афіцыйнымі вынікамі выбараў 13 ліпеня.

Як экзітполы праводзіліся ў Беларусі раней?

Пра тое, як праходзілі экзітполы на выбарах 2015 года, мы напісалі вышэй. У 2010 годзе, па звестках экзітполу ад прадзяржаўнага аналітычнага цэнтра ECOOM, Аляксандр Лукашэнка набраў 72,03 адсотка галасоў. А па звестках неафіцыйнага экзітполу ад арганізацыі SOCIUM, Лукашэнка не перамог у першым туры. У 2006 годзе ніхто з незалежных сацыёлагаў не праводзіў экзітполаў.

У 2004 годзе на рэферэндуме па змене Канстытуцыі дазвол на правядзенне экзітполу атрымала літоўская арганізацыя The Gallup Organization / Baltic Surveys. Тады апыталі больш за 38 тысяч чалавек, палову з іх падчас датэрміновага галасавання. Вынікі паказалі, што Лукашэнка не хапіла пары адсоткаў для змены Канстытуцыі. Пасля гэтага заходнія краіны не прызналі адмены абмежавання на знаходжанне адной і той жа асобы на пасадзе прэзідэнта больш за два тэрміны.

"Экзітполы фактычна забароненыя"

Кто будет проводить экзитполы на белорусских выборах-2020
Уладзімір Лабковіч / Еўрарадыё

Уладзімір Лабковіч, каардынатар кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары", не лічыць экзітполы ў беларускай выбарчай кампаніі эфектыўным інструментам.

— Экзітполы ў нашай краіне фактычна забароненыя. Вы памятаеце, як месяц таму "наехалі" на СМІ за апытанні наконт кандыдатаў у прэзідэнты? Дык вось экзітполы ў ЦВК разглядаюць як сацыялагічныя даследаванні, на якія абавязкова патрэбны дазвол, — тлумачыць эксперт. — Іх выконваюць структуры, у якіх ёсць сертыфікаты сацыялагічных службаў. І заўсёды гэта, вядома, прадзяржаўныя структуры. Пару разоў апытвалі выбаршчыкаў сябры БРСМ.

— А ці можа назіральнік на ўчастку апытваць грамадзян?

— Не, назіральніку гэта рабіць забаронена катэгарычна. Вы можаце як журналіст апытваць грамадзян, але гэта не экзітпол. Там патрэбна адмысловая выбарка, метадалогія. Я думаю, уладам экзітполы не патрэбныя.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі