Хацкевіч пастрыг нагала дынамаўцаў і выйграў

Мінскае “Дынама” нарэшце змагло адстаяць сваю першую перамогу ў першынствé Беларусі па футболе. І паставілася да дасягнення сваіх мэтаў вельмі творча — футбалісты выйшлі на поле з паголенымі галовамі. Еўрарадыё вырашыла дакапацца да крыніцаў такога рашэння. І тут мы прыгадалі, што такія выпадкі ўжо здараліся. І, дарэчы, не без удзелу Аляксандра Хацкевіча, які сёння з’яўляецца галоўным трэнерам дынамаўцаў. Тады ён гуляў за кіеўскае “Дынама”.

Дарэчы, тады такі крок таксама прынёс поспех: дынамаўцы згулялі ўнічыю з “Манчэстэрам”. Можа, менавіта памяць пра былыя ўдалыя эксперыменты і натхніла Аляксандра Хацкевіча надаць усім сваім футбалістам падабенства з Зіданам. Але ж трэнер зборнай запэўніў нас, што ягоныя падапечныя прыйшлі да гэтага самі:

“Гэта было не маё жаданне — пастрыгчыся: хлопцы самі вырашылі гэта. Ды я і не маю правоў вырашаць гэта. Вырашыла сама каманда. Калі мы выйгралі 1:0 — значыць, хлопцы не дарма гэта зрабілі. Але я яшчэ раз скажу, што калі ўсе — то ўсе. Калі каманда вырашыла ўся пастрыгчыся, значыць, павінны ўсе стрыгчыся, а не 14-15 чалавек з 18, якія трапляюць у заяўку. У наступны раз я нават падумаю, ці трэба ўключаць тых, хто не пастрыгся, у заяўны ліст”.

А што пра гэтае думаюць самі спартоўцы? На пытанне Еўрарадыё, адкуль з’явілася гэтая ідэя, адказвае Віталь Валадзянкоў:

“Усёй камандай вырашалі нешта змяніць. Таму што прайграваць шмат пачалі, што не ўласціва “Дынама”. Ну, а што змяніць? Вырашылі нагала пастрыгчыся. Толькі дазволілі бразільцам не стрыгчыся, таму што ў іх слаба вырастаюць валасы”.

Не ўсім гэтае рашэнне прыйшлося даспадобы. Некаторыя з футбалістаў да апошняга не хацелі раставацца са сваімі валасамі. Сярод іх быў і Аляксандр Мартыновіч:

“Не хацелася губляць сваю шавялюру. Але ж у нас каманда, таму давялося ўсім пастрыгчыся. Проста вельмі шкада было валасоў. Вельмі доўга гадаваў раней. Але ж калі трэба — значыць, трэба. Я адзін з самых апошніх пастрыгся, цягнуў да апошняга. Спачатку вельмі шкада было, але ж, як кажуць: воласы не зубы — вырастуць. Нічога страшнага ў гэтым няма. Мы калектыў аб’ядналі гэтым. Адзін за аднаго”.

Але ёсць і такія, для каго гэты эксперымент не ўяўляў ніякіх цяжкасцяў. Дынамавец Кірыл Паўлючык прызвычаіўся эксперыментаваць над сваім іміджам.

Кірыл Паўлючык: “І іракез у мяне быў, і нагала галіўся — і пад лязо, і так. І даўгія валасы ў мяне былі, і нават дрэды. Я люблю мяняць прычоскі”.

А як адрэагавалі блізкія спартоўцаў? Пра ўражанні сваёй дзяўчыны кажа Віталь Валадзянкоў:

“Другая палова адрагавала вельмі дрэнна. Сказала, што да зэка нейкага стаў падобны”.

Па асабістых прычынах не пагаліліся бразільцы. Не пажадалі галіцца і два беларусы. Але ж іх паплечнікі па камандзе ўпэўненыя, што гэта ненадоўга. І ў хуткім часе ўся каманда будзе цалкам “паголеная”. Дадае Аляксандр Мартыновіч:

“Гэта часова пакуль. З цягам часу, я думаю — нават да наступнай гульні, будзем ужо ў поўным складзе”.

Больш за тое, як нам прызнаюцца футбалісты, яны гатовыя яшчэ не раз ісці на такія ноў-хаў. Кажа Аляксандр Мартыновіч:

“Усё гэта залежыць ад каманды. Калі трэба будзе дзеля выніку — пастрыжэмся яшчэ”.

Фота photo.bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі