Гурту Weezer прапануюць грошы за сыход са сцэны

Гурт Weezer стаў аб'ектам незвычайнай акцыі ў інтэрнэце: ім прапануюць 10 мільёнаў долараў за добраахвотны сыход са сцэны.  Праўда, гэтыя 10 мільёнаў яшчэ не сабраныя. Гэтым зараз займаецца ініцыятар акцыі Джэймс Бэрнс, якому надакучылі дзівацтвы і мудрагелістасць Рыверса Куома і яго калег.

«Мне шкада сваіх сяброў, якія год за годам усё больш расчароўваюцца ў Weezer, - піша Бэрнс. – Мы стаміліся ад іх эксцэнтрычнай і манернай музыкі, вокладак альбомаў і відэакліпаў. Гэта трэба спыніць».

Джэймс заклікае сваіх аднадумцаў аб'яднацца і агульнымі намаганнямі сабраць 10 мільёнаў долараў, каб перадаць іх Weezer у абмен на абяцанне завязаць з музыкай і сысці са сцэны. Акцыя «Убраць Weezer!» ужо сабрала каля 300 долараў.

Самі музыкі паставіліся да ініцыятывы з гумарам. «Мы згодныя! – кажа ад імя каманды бубнач Патрык Уілсан. – Але 10 мільёнаў – гэта замала. Давайце спынімся на 20-ці. Збярыце гэтую суму – і мы зладзім для вас люксавы роспуск Weezer. Абяцаем – не пашкадуеце!».

Нагадаем, што на пачатку лістапада Weezer збіраецца выдаць новы альбом з традыцыйна вычварнай назвай «Death to False Metal». Гэта будзе падборка кампазіцый, запісаных у розныя гады, але па не трапіўшых у нумарныя выданні. За 15 гадоў кар'еры у Weezer назбіралася 8 такіх трэкаў.

Фота: pitchfork.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі