Гурт "Серебряная Свадьба" ператварыўся ў цырк

Гэтай ноччу адгрымела музычна-цыркавое шоў "Серебряной Свадьбы" - "Цырк Д'Амлет". Бенька распавяла, што пра цырк, які складаўся з няўдачнікаў і аднойчы нечакана знік проста з арэны цырка, яна даведалася з "Энцыклапедыі Цырка", якую гурт купіў у Галандыі. Музыкаў так уразіла і натхніла гэтая гісторыя, што яны вырашылі ўзнавіць Цырк Д'Амлет на сцэне. Паглядзім, як гэта было! Лейтматывам канцэрта, вядома ж, быў амлет, цыркавыя трукі і чараўніцтва. Напрыклад, кантрабасіст "ліліпут Містэр А." увесь канцэрт граў, стоячы на катурнах. Падобныя катурны (спецыфічны абутак, высокія калодкі) насілі акцёры антычнага тэатра, каб быць вышэй і велічней. Барабаншчык "Містэр А." з'явіўся з пітонам на галаве. Скрыпачка "Мадам М." грала ролю жанчыны-магніта, "якая прыцягвае не толькі металічныя рэчы, але і погляды мужчын!". У кожнага ўдзельніка гурта была свая кранальная гісторыя.

Касцюмы музыкаў рыхтаваліся адмыслова для канцэрта і выглядалі проста ўзрушаючы! Бенька, як сапраўдная зорка, мяняла сваё аблічча на сцэне і раздавала сваім прыхільнікам падарункі! Так, адна дзяўчына, якая адгадала рост "Ліліпута Містэра А.", выйграла бутэлечку моцнага жаночага напою.

Бенька, як вядома, стваральнік лялек і рэжысёр лялечных спектакляў. Яе прафесія дапамагае "Серебряной Свадьбе" кожны канцэрт ператварыць у маленькае, утульнае тэатральнае відовішча. Пры дапамозе сціплага рэквізіту ёй удалося стварыць на сцэне сапраўдны цырк, дзе, да прыкладу, прысутнічаў акрабат (нябачны гімнаст, апрануты ў маленькія, дзіцячыя чаравічкі), або дрэсіроўшчык блох.




Бенька ў ролі пражэктара цырка распавядае пра артыстаў.








Так выглядаў "цырк" на сцэне.




"Ліліпут Містэр А."


Ашаламляльная "Мадам М."














Бенька ў новым амплуа.






Сабака Баскервіляў.






Шчасліўка, якая выйграла моцны напой!



Міхей Насарогаў, сябар і паплечнік гурта, падзяліўся з намі сваім меркаваннем наконт творчасці Бенькі і цыркавога шоў "Серебряной Свадьбы".

Міхей Насарогаў (Фота з блога артыста)

Міхей: "Калі выбіраць паміж эстрадным джазам і брудным блюзам, дзе ёсць нервы і соль, то я выбіраю апошняе. Мне вельмі падабаюцца схемы, калі гурт мінімальнымі сродкамі дасягае прыгожага выніку. Я б больш жадаў ад "Серебряной Свадьбы" такіх праяў: светлых, чыстых і зразумелых.  У цэлым, Бенька малайчына! Хто яшчэ ў Мінску можа пахваліцца такой колькасцю слухачоў?

Сённяшнім канцэртам я не прасякнуты. Проста я з дзяцінства цярпець не магу цырк і яго эстэтыка мне чужая. А Бенька ж тонкі лірык, вельмі нядрэнны паэт! Я слухаў яе сольныя выступы і, калі слязе трэба пацячы, яна імгненна выціскаецца. Так што, я б абрэзаў склад гурта ў тры разы, калі была б такая магчымасць.

Для "Серебряной Свадьбы" Беня напісала кучу баявікоў, якія апраўданыя, калі іх валіць шалёны аркестр! Вырашаць такімі сродкамі вельмі кранальную лірыку вельмі складана. Таму што, калі ты публічна выказваеш сентыментальныя рэчы, ты рызыкуеш. Ты жадаў сказаць нешта важнае, а ператварыў гэта ў анекдот. Бо дзе гэта падаецца? У клубах, дзе ўсе паляць, п'юць, шумяць.

Адным словам, акустычная "Серебряная Свадьба", на мой погляд, была больш выйгрышная. Мне яна больш падабалася".



Фота: Юра Маціюн

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі