Гурт HandmadE з лірычнага пераўтварыўся ў змагарскі?

Сумесны выступ гуртоў HandmadE і Hurma адбудзецца ў сталічным клубе “Графіці” 3-га красавіка. Арганізатары назвалі мерапрыемства “Вясновым канцэртам”.

“Але лірыкі і ружовых слёз не чакайце. Шкада, што прыйшла вясна. Зробім усё магчымае, каб дадаць у ваша жыццё цемры і смутку”, — папярэджвае HandmadE у сваёй суполцы ў сацсетках.

Як даведалася Еўрарадыё, гэтыя словы — не першакрасавіцкі жарт. Вядома, што ў “Графіці” гурт з’явіцца не ў поўным складзе, але з эксперыментальным гукам. На сцэну выйдуць Яўген Валошын і Уладзімір Пыльчанка, які замест акардэона возьме ў рукі гітару. Астатнія музыкі падчас падрыхтоўкі да канцэрту вырашылі ўзяць паўзу. Прынамсі так паведамляецца ў суполцы гурта. Не ўкладваецца ў галаве, як той жа Пыльчанка, які далікатна і стылёва аранжыруе музыку для “Паліны Рэспублікі”, мог скаціцца ў бяздонне шэрасці і агрэсіі ў HandmadE. 

Заяўлена, што на канцэрце гурт выканае і адзін пазітыўны трэк — “Не свяці ты гэтым паскудам”. Кампазіцыя накіраваная супраць ворагаў Беларусі. Гукарэжысёр са студыі, дзе HandmadE зараз запісвае новую праграму, паведаміў Еўрарадыё, што каманда “з лірычнай пераўтварылася ў змагарскую”.

Арганізатары “Вясновага канцэрту” былі вымушаны ўключыць у праграму малады гурт Hurma, каб хоць неяк стварыць вясновую атмасферу. Паводле інфармацыі Еўрарадыё, адмовіць “Хэндмэйдам” у выступе клуб “Графіці” пабаяўся. У саліста Яўгена Валошына добрыя сувязі ў СМІ і ён прыгразіў у выпадку адмовы распачаць супраць клуба кампанію па дыскрэдытацыі. 

Фота bobruisk.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі