Грышын: “Выходзячы з душа, я адчуваў сябе Дзедам Марозам”

Ад Ванкувера і канадцаў у беларускіх алімпійцаў засталіся самыя лепшыя ўражанні, распавялі нашыя спартоўцы падчас прэс-канферэнцыі. Але былі моманты, якіх хацелася б пазбегнуць. Так, срэбны прызёр па біятлоне Сяргей Новікаў прызнаўся, што прымушаў сябе есці тое, што ім прапаноўвала кухня гаспадароў Алімпіяды.

Сяргей Новікаў:
“Мяне ежа задавальняла толькі першы тыдзень. Потым усё прыелася, усё нейкае несалёнае, своеасаблівае. Потым хадзіў на аўтамаце, бо трэба паесці, нешта з’есці. Я не ў захапленні”.



Алімпійскі чэмпіён па фрыстайле Аляксей Грышын прызнаўся, што з-за ручнікоў у нумары адчуваў сябе Дзедам Марозам.

Аляксей Грышын: “Яны не выціраюць — і ўсё з іх застаецца на табе. Потым бярэш фен і пачынаеш усё гэта з сябе здзімаць. Я хадзіў у сцірку, мыў гэтыя ручнікі. І нічога не дапамагала. Уяўляеце: калі няголены выціраешся, то ты як Дзед Мароз — уся барада белая”.



А фрыстайлістка Асоль Слівец распавяла пра тое, чаму яна не давала спаць начамі сваім калегам.

Асоль Слівец: “У пакоях былі вельмі тонкія сцены. У нас былі тры аднамесныя нумары. І атрымлівалася, што хтосьці рана прачнуўся, у кагосьці рана трэніроўка — да прыкладу, мы з Алай выязджалі адзін раз у 5 раніцы — і ўсе астатнія былі вымушаныя прачынацца: так усё чутна. Хтосьці ў прыбіральню пайшоў — ва ўсім доме чутно ў нюансах”.



Карэспандэнт Еўрарадыё пацікавіўся, ці спадабалася алімпійцам іх форма, якую сам журналіст прымяраў перад ад’ездам спартсменаў у Канаду. Усе форму вельмі пахвалілі. Нават сказалі, што спартсмены з іншых краінаў зайздросцілі беларускім калегам і прапаноўвалі абмяняцца алімпійскай вопраткай. Але, кажуць, з нашых мала хто на гэта пагаджаўся — пакідалі сабе на памяць. Адзінае, кажа бронзавая прызёрка па біятлоне Дар’я Домрачава, дзяўчатам іх зборнай выдалі спартовыя курткі на некалькі памераў большыя.

Дар’я Домрачава: “Нашай жаночай камандзе не падышлі памеры спартовай экіпіроўкі. Усе вельмі вялікія курткі былі, і мы хадзілі нібыта снегавікі нейкія”.



Але, кажуць спартсмены, усе гэтыя нязручнасці забываліся ў атмасферы добразычлівасці, што панавала ў Ванкуверы. Асабліва, распавяла Асоль Слівец, пасля перамогі Аляксея Грышына.

Асоль Слівец: “Пасля Лёшавага медаля мы на наступны дзень паехалі гуляць па Ванкуверы. І людзі ў метро кідаліся да нас абдымацца і крычалі: “Беларусы, у вас золата, у вас золата!”



Што тычыцца бліжэйшых планаў, то Аляксей Грышын сказаў, што ідзе ў адпачынак, падчас якога хоча абследавацца ў дактароў, праверыць спіну — ці няма пагаршэння. Ды ізноў пачне трэніроўкі. А Сяргей Новікаў і Дар’я Домрачава нагадалі, што сезон яшчэ не скончыўся і ім хутка ехаць на старты Кубка свету.

Пачуўшы пра праблемы са здароўем, журналісты пацікавіліся ў Аляксея Грышына, ці няма ў яго страху перад скачкамі.

Аляксей Грышын:
“Я заўсёды баюся — і гэта нармальна. Кожны з нас крыху баіцца. Мы змагаемся з гэтым. Напэўна, мы атрымліваем нейкі адрэналін ад гэтага, ад палёту і ад гэтага моманту. У гэтым відзе спорту не баяцца нельга. Калі ты не баішся, то ў цябе нейкія парушэнні з псіхікай”.

Пэўны час таму з’явілася інфармацыя, што фрыстайліст Дзмітрый Дашчынскі збіраецца сысці з вялікага спорту. Але сам ён не пацвердзіў гэтыя звесткі.

Дзмітрый Дашчынскі: “Я такога пакуль не казаў. Напэўна, час пакажа: які будзе стан і ці будзе жаданне — пасля столькіх гадоў цяжка выступаць і знайсці матывацыю скачкам”.



На развітанне ўсе алімпійцы запэўнілі, што будуць зацята рыхтавацца да Алімпіяды ў Сочы і настройвацца на новыя перамогі.

Фота: Змітра Лукашука

Таксама па тэме:

Асоль Слівец: Расійскія чыноўнікі на Алімпіядзе часта былі “неадэкватныя”


Форму для алімпійцаў пашылі ў Беларусі і Кітаі

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі