Вы тут

Грошай у эканоміцы стала больш, але гэта пакуль не падганяе інфляцыю

Шырокая грашовая маса вырасла практычна без дапамогі Нацбанка / Еўрарадыё

Шырокая грашовая маса (наяўныя грошы ў абарачэнні, сродкі людзей і прадпрыемстваў на рахунках у банках і сродкі, якія захоўваюцца ў каштоўных паперах) за верасень павялічылася на 1,1 млрд рублёў, або на 2,3% у параўнанні са жніўнем. На пачатак кастрычніка яна складала 50,8 млрд рублёў.

Маса дасягнула ўзроўню пачатку года і расце другі месяц запар. У жніўні адбыўся рост на 2,2%. Пакуль гэта не падстава для росту інфляцыі, а Нацбанк тут амаль ні пры чым. Еўрарадыё даведалася ў эксперта, чаму так адбылося і якіх эфектаў варта чакаць.

 

Гандаль прынёс грошай у краіну

Рост на 1,1 млрд рублёў — гэта не шмат, расказвае старшы навуковы супрацоўнік BEROC Дзмітрый Крук.

З пачатку года беларускія тавары былі запатрабаваныя і раслі ў цане за мяжой / Reuters

— Не варта перабольшваць змены апошніх двух месяцаў. Аб'ём грашовай масы проста вярнуўся да таго, што было ў пачатку бягучага года. І ўсё роўна гэта менш, чым было ў ліпені мінулага года.

Гэта толькі невялікі адскок пасля працяглага грашовага сціскання. Іншае пытанне, наколькі працяглым можа быць гэты адскок.

Асноўная крыніца росту шырокай грашовай масы — гэта добры экспарт. Сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі ў студзені — жніўні бягучага года склала 189,1% ад сальда за аналагічны перыяд 2020 года.

— Гэта абумовіла паступленне выручкі на рахункі прадпрыемстваў. Гэты самы знешнегандлёвы цуд спрыяў умацаванню беларускага рубля ў апошні час, — кажа Дзмітрый Крук. — Рост валютнай выручкі наўпрост уплывае на грашовую масу, паколькі выручка часткова асядае на рахунках у замежнай валюце юрасоб. Плюс гэтую валюту для ўнутраных патрэб часткова прадаюць, і гэта адбіваецца на рэштках на рублёвых рахунках юрасоб.

 

Не падстава для росту інфляцыі, але гэта можа хутка змяніцца

Акрамя таго, рост валютнай выручкі паўплываў на тое, што адток банкаўскіх укладаў са жніўня запаволіўся.

Адток валютных укладаў запаволіўся / Reuters

— У апошнія два месяцы рублёвыя дэпазіты сталі дэманстраваць некаторы рост. І па валютных дэпазітах прынамсі стабілізацыя адбылася. Усё гэта і паўплывала на велічыню грашовай масы. Ролі Нацбанка тут практычна няма.

Эксперт адзначае, што грашовая маса павінна вагацца, асабліва пасля таго, што доўгі час яна сціскалася.

— Гаварыць пра сістэматычны рост, які быў бы фактарам росту інфляцыі, пакуль падстаў асабліва не бачу. Можна сказаць, што інфляцыя, якая паскараецца працяглы перыяд, часткова падштурхоўвае рост грашовай масы.

Лішак грашовай масы вядзе да інфляцыі, калі яна мэтанакіравана ўліваецца Нацбанкам. Цяпер такой сітуацыі няма. Гэта натуральная рэакцыя на змены, якія я апісаў. Але гэта не адмяняе таго, што ў будучыні сітуацыя хутка можа памяняцца, — рэзюмуе Дзмітрый Крук.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.