Гомельскія прадпрымальнікі выгналі кантралёраў з рынку

22 лістапада прадпрымальнікі прагналі з гандлёвых шэрагаў супрацоўнікаў Цэнтра стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі, паведамляе БелаПАН.



Кантралёры прыйшлі правяраць на рынак выкананне правілаў гандлю, якія загадваюць указваць нумар гандлёвага месца, наяўнасць у прадаўца бэйджа, стыкераў на таварах і гэтак далей. “Такая праверка ўжо была, і нам далі час да снежня, каб ліквідаваць парушэнні. Але снежань яшчэ не наступіў, а сёння ўжо прыйшлі кантралёры і хацелі нас усіх аштрафаваць. Таму людзі сабраліся, пачалі абурацца, не даваць выпісваць пратаколы. Увогуле, адбыўся канфлікт, прадпрымальнікі запатрабавалі кантрольныя органы не выпісваць штрафы, і камісія пакінула рынак. Аднак з пагрозамі, што 23 лістапада прыйдзе зноў з міліцыяй, каб усе ж выпісаць штрафы”, — заявілі прадпрымальнікі.



Нагадаем, узмоцненыя праверкі, якія суправаджаюцца канфіскацыяй тавараў з розных прычынаў, пачаліся на рынках Беларусі 1 лістапада. Учора стала вядома, што менскія ўлады сарвалі правядзенне 25 лістапада форуму прадпрымальнікаў, на якім ІП збіраліся абмеркаваць сітуацыю, звязаную з увядзеннем у наступным месяцы новых правілаў гандлю. Яны незадаволеныя тым, што з 1 снежня 2013 яны не змогуць прадаваць тавары, якія не маюць дакументаў, якія пацвярджаюць іх якасць і бяспеку ў адпаведнасці з патрабаваннямі тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюза “Аб бяспецы прадукцыі лёгкай прамысловасці”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі