Вы тут

Генпракуратуру заклікалі заняцца прылічэннем БЧБ-сімволікі да экстрэмісцкай

Пратэсты 2020-га праходзілі пад бел-чырвона-белым сцягам / З архіву Еўрарадыё

Генпракуратуру Беларусі заклікалі заняцца прылічэннем бел-чырвона-белай сімволікі да экстрэмісцкай. "Ініцыятыўная група" выступае за яе неадкладную забарону. Яна спасылаецца на "трагедыю Вялікай Айчыннай вайны" і выкарыстанне БЧБ-сцягоў калабарантамі, паведамляе sb.by.

Выданне называе толькі аднаго члена "ініцыятыўнай групы". Гэта нехта Пётр Шапко, якога называюць "вядомым грамадскім дзеячом". Ён сцвярджае, што падчас вайны яго сваякоў "пад бчб-сцягам расстралялі і спалілі". А цяпер такая сімволіка стала сімвалам пратэстнага руху. Шапко бачыць у гэтым "відавочную спробу арганізаваць супрацьстаянне ў грамадстве, грамадзянскі канфлікт", "распальваць варажнечу і нянавісць".

"Ініцыятыўная група" мяркуе, што пракуратура магла б звярнуцца ў суд з іскам аб прызнанні бел-чырвона-белай сімволікі экстрэмісцкай.

Хто ж такі гэты Пётр Шапко? Можна сустрэць публікацыі, у якіх яго называюць дзеячом прарасійскага руху ў нашай краіне, які "засвяціўся" пастаўкамі гуманітарнай дапамогі на Данбас у самаабвешчаныя рэспублікі.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў жніўня 2020 года ў Беларусі разгарнулася барацьба ўладаў супраць бел-чырвона-белай сімволікі, якую актыўна выкарыстоўвалі і выкарыстоўваюць пратэстоўцы. За яе затрымліваюць, штрафуюць, збіваюць. Па некаторых звестках на Усебеларускім народным сходзе ў лютым можа быць узнята пытанне пра прызнанне БЧБ-сімволікі "фашысцкай". Дзяржаўная прапаганда ўжо паўгода працуе ў гэтым накірунку.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.