"Гавары праўду" — супраць рэферэндуму па павелічэнні тэрміну для прэзідэнта

"Гавары праўду" — супраць рэферэндуму па павелічэнні тэрміну для прэзідэнта

Кампанія "Гавары праўду" выступіла з заявай супраць рэферэндуму па павелічэнні тэрмінаў паўнамоцтваў прэзідэнта і дэпутатаў, перадае БелаПАН.  

Як паведамлялася раней, з гэтай ініцыятывай некалькі дзён таму выступіла Ліберальна-дэмакратычная партыя. Прапаноўвалася павялічыць тэрмін дзейнасці прэзідэнта з пяці да сямі гадоў, а дэпутатаў — з чатырох да пяці гадоў.

На думку "Гавары праўду", гэтая ініцыятыва прапаноўвае "шкодныя для развіцця краіны і грамадства змены" замест таго, каб праводзіць важныя і патрэбныя рэформы ў эканоміцы, сацыяльнай сферы і палітыцы.

"Гавары праўду" заклікае прэзідэнта, урад і парламент заняцца неабходнымі рэформамі ўжо сёння. Прапаноўваецца тэрмінова значна паменшыць адміністрацыйную і падатковую нагрузку на малы і сярэдні бізнэс, адмяніць так званы "падатак на дармаедаў", уключыць у страхавы стаж для пенсіі тэрміновую службу ў войску, дэкрэтны адпачынак і догляд інвалідаў і састарэлых. Таксама кампанія прапаноўвае павысіць дапамогу па беспрацоўі да ўзроўню пражытковага мінімуму, а ў бюджэце на 2017 год скараціць выдаткі на ўтрыманне дзяржапарату, ідэалагічнай вертыкалі, функцыянераў грамадскіх аб'яднанняў, падтрымку безнадзейна стратных прадпрыемстваў.

Атрыманыя ў выніку эканоміі сродкі прапануецца накіраваць на эканамічнае развіццё краіны і сацыяльную падтрымку насельніцтва.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі