"Гаспадары на сваёй зямлі": Лукашэнка агучыў галоўнае дасягненне РБ і Сербіі

Беларусь і Сербія на карце / wikipedia.org​
Беларусь і Сербія на карце / wikipedia.org​

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што галоўнае дасягненне Беларусі і Сербіі — гэта магчымасць быць гаспадарамі на сваёй зямлі. Пра гэта кіраўнік дзяржавы распавёў 3 снежня, выступаючы ў Народнай скупшчыне Сербіі.

Пра тое, як крута быць "гаспадарамі на сваёй зямлі", Лукашэнка кажа ўжо шосты раз за 2019 год. Да сербскага парламента ён паведаміў пра гэта беларускаму Нацыянальнаму сходу, юным грамадзянам Беларусі падчас уручэння пашпартоў, двойчы — 31 жніўня і 6 верасня — жыхарам Берасцейшчыны. А яшчэ адзін раз — усім беларусам, віншуючы іх з Днём Канстытуцыі. Ну вось, і да сербскіх сяброў чарга дайшла.

Лукашэнка расказаў, што расцэньвае паездку ў Сербію і сустрэчу з прэзідэнтам краіны Аляксандрам Вучычам як візіт да блізкіх сяброў. Лукашэнка перакананы, што ў нашых краін шмат агульнага. Па словах кіраўніка Беларусі, з яго меркаваннем салідарная уся дэлегацыя.

"Але цяперашні візіт для мяне мае асаблівае значэнне", — падкрэсліў Лукашэнка.

Ён нагадаў, што ў 2019 годзе краіны адзначылі 25-годдзе дыпламатычных адносін. Паводле слоў беларускага лідара, за гэты час пройдзены нялёгкі гістарычны шлях. Але галоўнае, што цяпер могуць сабе дазволіць і Беларусь, і Сербія, — гэта "самастойна вызначаць кірункі развіцця, адпаведныя духу часу і дзяржаўным інтарэсам".
 

20 гадоў таму Лукашэнка наведваў Бялград

"Тады ж, падчас жорсткай, бесчалавечнай агрэсіі НАТО супраць суверэннай Югаславіі, загінулі тысячы ні ў чым не вінаватых людзей, — прыгадаў кіраўнік Беларусі. — Водгулле гэтай вайны вы перажываеце і цяпер". Лукашэнка дадаў, што Беларусь заўсёды падтрымлівала Сербію і пастаянна выступае на яе баку па пытаннях, звязаных з яе тэрытарыяльнай цэласнасцю і суверэнітэтам. Ён паабяцаў, што гэтая пазіцыя не зменіцца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі