Вы тут

Ганна Канапацкая: улада "зачышчае" моцных праціўнікаў

Так Ганна Канапацкая збірала подпісы / Еўрарадыё

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая пракаментавала адмову ў яе рэгістрацыі на парламенцкіх выбарах — камісія знайшла недакладнасці ў здадзеных подпісах. Яна вылучалася па Кастрычніцкай акрузе № 97 горада Мінска.

Канапацкая лічыць, што да сабраных подпісаў "няма і не можа быць ніякіх пытанняў". І збіраецца рашэнне камісіі абскардзіць.

"Стандартны і распаўсюджаны не толькі ў нашай краіне механізм выключэння моцных кандыдатаў з перадвыбарчай гонкі, піша Ганна Канапацкая на сваёй старонцы ў Facebook. — ...Відавочна, што ўлада пачала зачышчаць кандыдацкае поле, адразу прыбіраючы моцных праціўнікаў".

Канапацкая згадала і кіраўніцтва Аб'яднанай грамадзянскай партыі, якое апынулася "на баку ўлады". Справа ў тым, што АГП не стала вылучаць Ганну Канапацкую кандыдатам у дэпутаты. І яна вылучалася шляхам збору подпісаў.

Як вядома, у цяперашняй Палаце прадстаўнікоў ёсць толькі два незалежныя дэпутаты — Ганна Канапацкая і Алена Анісім. Анісім таксама не зарэгістравалі. Эксперты мяркуюць, што альбо новы парламент будзе зусім без апазіцыянераў, альбо іх заменяць іншыя асобы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.