Галубы міру, з'ездзілі на вучэнні? Беларус дапамагае патруляваць украінскае сяло

Беларус Яўген Алейнік акурат цяпер знаходзіцца ва Украіне / Еўрарадыё
Беларус Яўген Алейнік акурат цяпер знаходзіцца ва Украіне / Еўрарадыё

Беларус Яўген Алейнік цяпер знаходзіцца ў невялікім пасёлку на паўночным захадзе Украіны. Жыве ў невялікім вясковым доме. Ён прыехаў сюды некалькі дзён таму з Ірпеня — гарадка пад Кіевам.

Яўген хацеў пайсці ў добраахвотнікі, але з беларускім пашпартам у ваенкамаце яго не прынялі. Хацеў запісацца ў тэрытарыяльную абарону — але тая аказалася перапоўненая. Тады ён вырашыў, што можа хоць бы проста дапамагаць патруляваць пасёлачак, у якім жыве апошнія некалькі дзён.

Жэня піша нам з падмурка недабудаванага дома: тут ловіць інтэрнэт. Ён называе гэта сваім часовым карпунктам.

Голуби мира, съездили на учения? Белорус помогает патрулировать украинское село
Імправізаваны "карпункт" Яўгена / Еўрарадыё

Яўген пераехаў ва Украіну ўсяго паўтара года таму. У Беларусі ён працаваў журналістам. Уночы на 10 жніўня яго кінулі ў аўтазак і збілі — за тое, што некалькімі хвілінамі раней ён сфатаграфаваў той самы аўтазак.

— Пару дзён таму я сядзеў ва ўкраінскім паліцэйскім участку: у мяне правяралі дакументы. За гэты час прывезлі двух рускіх дэзерціраў. Малых, стомленых, змучаных, брудных і галодных. І да іх нармальна ставіліся. Я быў шакаваны такім стаўленнем пасля Беларусі, дзе б'юць за сцяжкі.

Пра тое, чаму гатовы абараняць краіну, у якой пражыў усяго некалькі гадоў, Яўген піша са свайго імправізаванага карпункта спецыяльна для Еўрарадыё.

 

У першы ж дзень у ваенкамаце былі чэргі

Увечары 24 лютага 2022 года Яўген Алейнік прыйшоў у ваенкамат пад Кіевам.

— У першыя гадзіны гэтага кашмару я быў у прастрацыі. Раніцай пастараўся сабраць думкі. Схадзілі з сям'ёй у краму — закупілі сякія-такія прадукты. Пару літраў вады, трохі кансерваў і пачак грэцкіх круп. Увесь гэты час быў як у тумане.

Было складана сарыентавацца. Я ведаў, што добраахвотнікам трэба здаваць кроў — і я ведаў, дзе здаваць яе ў Кіеве. А дзе здаць кроў у Ірпені — гэта невялікі горад, — я не ведаў. Я пісаў і мясцовым дэпутатам, і прадстаўнікам улады, пытаўся, чым магу дапамагчы, куды ісці, але не мог дабіцца дакладнай інфармацыі.

Бліжэй да вечара я зразумеў, што адзіны дакладны адказ я змагу атрымаць у ваенкамаце. І я пайшоў у бучанскі ваенкамат — за паўгадзіны ад Ірпеня.

У ваенкамаце ўжо былі чэргі. Наш суразмоўнік кажа, яны былі такія ж доўгія, якія выстройваліся па маскі ў першыя дні пандэміі каранавіруса.

— Прызывалі ў першую чаргу тых, у каго быў баявы досвед, тых, хто ваяваў на Данбасе. Я растлумачыў, што хачу запісацца ў добраахвотнікі. Але паколькі я не грамадзянін Украіны, мяне адправілі ў тэрабарону: быць добраахвотнікам у войску, як іншаземец, я не магу.

Голуби мира, съездили на учения? Белорус помогает патрулировать украинское село
Чэргі з ахвотных запісацца ў тэрытарыяльную абарону ў першыя дні вайны / Еўрарадыё

Ваенкамат — у Бучы, а ў тэрабарону трэба было запісвацца ў Ірпені. Да таго моманту, як Яўген гэта даведаўся, у Ірпені ўжо надышла каменданцкая гадзіна.
 

"Ненавіджу сябе за тое, што давялося з'ехаць"

Зусім побач з Ірпенем знаходзіцца аэрадром Гастомель. Калі вы чыталі навіны з Украіны, вы ведаеце, што за гэты аэрапорт ішлі баі. Усю ноч з 24 на 25 лютага над Ірпенем грымела, абстрэлы не спыняліся. Гэта расійскія вайскоўцы, задзейнічаўшы 200 верталётаў, бралі Гастомель.

Яўген збіраўся пайсці і запісацца ў тэрытарыяльную абарону раніцай, але давялося сесці за руль і з'ехаць — адвезці сям'ю ў бяспечнае месца.

Голуби мира, съездили на учения? Белорус помогает патрулировать украинское село
Аэрадром Гастомель недалёка ад Ірпеня / wikimapia.org

— Я ненавіджу сябе за тое, што давялося ўчора з'ехаць. Але жонка не магла сесці за руль, давялося вывозіць яе і сястру з дзіцем.

На пытанне пра тое, як жонка ўспрыняла яго намер запісацца ў тэрабарону, наш суразмоўнік адказвае так: у першы дзень было цяжка, на наступны — супакоілася. Людзі хутка адаптуюцца, кажа ён. І дасылае навіну пра тое, што за адну толькі ноч у бамбасховішчах Кіева нарадзілася шасцёра дзяцей. Жыццё працягваецца, пішуць у навінах.

 

"Тут у дыверсантаў страляюць з кожнага акна"

Наш суразмоўнік не расказвае, дзе менавіта знаходзіцца: кажа, дакладныя свае каардынаты паведаміць пасля перамогі. Фота свайго карпункта просіць апублікаваць з подпісам "Украіна пераможа".

Пакуль Жэня расказвае толькі, што пасяліўся ў сельскім драўляным экадоме разам з таксай Басяй, ёркшырскім тэр'ерам Грэнем і папугаем Кешам, якіх забраў з сабой у эвакуацыю.

Голуби мира, съездили на учения? Белорус помогает патрулировать украинское село
Яўген і такса Бася / Еўрарадыё

Паколькі трапіць у тэрабарону Жэня так і не змог, дамовіўся, што ўначы будзе дапамагаць патруляваць сваё сяло. Жэня кажа, што мясцовыя жыхары ўжо даўно арганізавалі ўласны патруль, паляўнічыя адлоўліваюць расійскіх дыверсантаў. Калі тыя здаюцца — ставяцца нармальна, калі не — забіваюць.

— На машыне стараюся не ездзіць, эканомлю паліва, пакуль яно тут толькі па талонах. Учора прайшоў кіламетраў дзесяць да мясцовай тэрытарыяльнай абароны. Па дарозе быў блокпост з мясцовымі жыхарамі. Цяпер такія ёсць нават у самым малюсенькім сяле.

У кожным двары народ падрыхтаваў "смузі Банэдры" для гэтых "міратворцаў". Людзі ў вёсцы выдатна ведаюць адно аднаго і паведамляюць пра незнаёмых у паліцыю. Сам на сабе гэта адчуў, бо да тэрабароны так і не дайшоў: па мяне прыехалі ўзброеныя да зубоў вайскоўцы.

Думаў, па старой беларускай звычцы, зараз будуць жорстка біць і тварам у зямлю класці. Але ўсё было вельмі карэктна. Пасадзілі ў машыну, даставілі ў паліцыю, там агледзелі, праверылі дакументы і адпусцілі.

Расійскіх дэзерціраў, якіх у гэты ж час прывезлі ў паліцыю, планавалі адправіць шчапаць дровы. Дакладней, дапамагаць у гэтым іншаму затрыманаму тут расійскаму салдату.

— З акупантаў пакеплівалі, маўляў, "ну што, "галубы міру", з'ездзілі на вучэнні?", "раней у Расію гастарбайтары рваліся на працу, Цяпер вось расіяне рвуцца бясплатна папрацаваць ва Украіне, паадбудоўваць дамы, якія яны разбурылі".

Паліцэйскія прасілі нашага суразмоўніка часцей і больш пісаць пра тое, што адбываецца вакол, — але пакуль не фатаграфаваць. Пыталіся, ці збіраюцца беларусы выйсці на вуліцы.

— Казалі, што з "оркамі" ўсё зразумела, але такога подлага ўдару са спіны ад братоў-беларусаў яны не чакалі.

Голуби мира, съездили на учения? Белорус помогает патрулировать украинское село
Акцыя супраць вайны ля беларускай амбасады ў Варшаве / Максім Багдановіч

Перадайце пацанам: вы ж выведнікі, пашліце ўсіх, не прыязджайце

Набіраючы паведамленне з недабудаванага дома ва ўкраінскім пасёлку, Жэня звярнуўся да сваіх былых калег з 46-га асобнага разведвальнага батальёна 120 асобнай механізаванай брыгады. Калі коратка: "Пацаны, не прыязджайце ва Украіну. Вас заб'юць".

— Перадайце, скажыце пацанам: пацаны, вы ж выведнік, вы ж нічога не баіцеся. Пашліце ўсіх! Выйдзіце зрабіце бунт, проста адмаўляйцеся выконваць загады. Касячце як можаце!

Цяпер пайшла інфармацыя, што хлопцаў з беларускіх часцей ПДВ адпраўляюць ва Украіну, што беларускі спецназ адпраўляюць ва Украіну.

Хай пацаны не ідуць. Калі яны будуць ляцець, іх на падлёце да Кіева будуць знішчаць, таму што ўсё неба закрыта хаўруснікамі. Перадайце гэта.

Сёння на пытанне — як ты? — Жэня адказаў: "Я жывы".

Голуби мира, съездили на учения? Белорус помогает патрулировать украинское село
Антываенны плакат каля амбасады Расіі ў Варшаве / Максім Багдановіч

P. S. Пасля гімна тут, ва Украіне, мы слухаем песню "Идёт война народная". Такія вось бандэраўцы. А што слухаеце вы?

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі