Галоўчанка заявіў, што ва ўрада ёсць план працы ва ўмовах санкцый

Раман Галоўчанка / ctv.by
Раман Галоўчанка / ctv.by

Імклівага падзення ВУП у выніку эканамічных санкцый не будзе, мяркуе прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка. Ён назваў неабгрунтаванымі прагнозы экспертаў, што з-за абмежаванняў, уведзеных ЕС супраць Беларусі, скарачэнне ВУП па выніках года можа скласці 7-14%.

"Пра густ вустрыц варта спрачацца з тымі, хто іх еў. Я не ведаю, на якіх разліках грунтуюцца гэтыя лічбы. Напэўна, яны закліканыя выклікаць шок і трапятанне ў грамадстве", — адрэагаваў ён на пытанне журналіста. Інтэрв'ю паказалі ў эфіры беларускага тэлебачання.

Паводле яго слоў, нельга сказаць, што ва ўрадзе легкадумна ставяцца да ўвядзення санкцый. Але ў чыноўнікаў ёсць "выразны план працы ў гэтых умовах". Галоўчанка мяркуе, што "больш жорсткія ўмовы працы прымусяць нас рухацца яшчэ хутчэй, больш актыўна выходзіць на новыя рынкі. Мы ведаем, куды ісці".

Пры гэтым ён дапусціў, што з-за ўвядзення санкцый могуць узнікнуць праблемы з інвестыцыямі з ЕС, нават з тымі, пра якія ўжо было дамоўлена.

"Наколькі я інфармаваны, дзеянне гэтых санкцый не распаўсюджваецца на раней заключаныя пагадненні. Нават калі яны па нейкіх прычынах паставяць на паўзу альбо адмовяцца ад рэалізацыі, мы ведаем, як замясціць гэтыя рэсурсы", — сказаў прэм'ер-міністр. Паводле яго слоў, Беларусь ужо працуе "з азіяцкімі інвестарамі, фондамі шэрагу іншых дзяржаў", і ў выпадку адмовы ЕС у інвестыцыях зможа замясціць гэтыя рэсурсы "дзесьці сваімі ўласнымі, дзесьці пазыковымі сродкамі".

Галоўчанка таксама спыталі аб адносінах з Расіяй. Ён распавёў, што ва ўзгадненні саюзных праграм дасягнуты істотны прагрэс. Засталося вырашыць тэхнічныя моманты.

"Ёсць вялікая ўпэўненасць у тым, што ў астатнія месяцы ўвесь пакет саюзных праграм будзе сфармаваны", — сказаў кіраўнік беларускага ўрада.

Аб новых саюзных праграмах, або картах, гаворка ідзе з 2019 года. Першапачаткова планавалася падпісаць 31 карту, затым іх колькасць скарацілі да 28. Большасць пазіцый былі ўзгодненыя яшчэ ў 2019-м, але па некаторых напрамках дамовіцца не ўдавалася да апошняга — у прыватнасці, па пытаннях паставак нафты і газу, а таксама падатковай палітыкі. Яшчэ ў канцы красавіка амбасадар Беларусі ў РФ Уладзімір Сямашка казаў, што дзве карты застаюцца няўзгодненымі. Але пры гэтым ён быў перакананы, што іх падпішуць ужо восенню.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі