ФСБ завербавала ўкраінку падчас паездак у Беларусь

Затрыманая інфарматарка ФСБ

Затрыманая інфарматарка ФСБ / СБУ

У Данецкай вобласці вайсковая контрразведка Службы бяспекі Украіны затрымала інфарматарку расійскай службы ФСБ. Гэта намесніца дырэктара мясцовай школы, якая карэктавала расійскія ракетна-дронавыя атакі па Краматорску, паведамляе прэс-служба СБУ.

Паведамляецца, што расійская спецслужба завербавала ўкраінку, калі тая ездзіла ў Беларусь на пачатку поўнамаштабнай вайны. Улетку 2025-га ФСБ "актывавала" супрацоўніцтва і даручыла жанчыне адсочваць лакацыі сіл абароны ў прыфрантавым Краматорску. Яна хадзіла па горадзе і фіксавала, дзе засяроджваецца асабісты склад і тэхніка ўкраінскіх войскаў. Таксама яна спрабавала здабываць разведданыя праз знаёмых падчас бытавых размоў.

Сабраныя звесткі яна перадавала расійскаму куратару праз месенджар у выглядзе галасавых і тэкставых паведамленняў з указаннем лакацый патэнцыйных цэляў.

Супрацоўнікі СБУ затрымалі жанчыну ў яе дома. Адначасова былі прынятыя меры для забеспячэння лакацый украінскіх войскаў.

Украінку вінавацяць у дзяржаўнай здрадзе. Ёй пагражае пажыццёвае пазбаўленне волі з канфіскацыяй маёмасці.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.