ФРГ здымае кашулю лідэра ў наладжванні кантактаў паміж Еўропай і Беларуссю

Адзіны афіцыйна прадстаўлены да апошняга часу ў Беларусі замежны палітычны фонд імя Фрыдрыха Эберта змушаны пачаць працэс закрыцця свайго прадстаўніцтва ў Рэспубліцы Беларусь. Аб гэтым сёння паведаміў кіраўнік Рэгіянальнага прадстаўніцтва Фонду імя Фрыдрыха Эберта ва Украіне і Беларусі доктар Штэфан Хробат. Прадстаўніцтва нямецкага фонду, які працуе ў больш чым ста краінах свету з галоўным офісам у Берліне, было адчынена ў Беларусі ў 1997 годзе. У 2007 годзе фонд удзельнічаў у арганізацыі Дыспутаў памяці Йоханэса Раў у Мінску. Для гэтай мэты фонд запрашаў у Мінск кіроўных нямецкіх палітыкаў, сярод якіх і прэм'ер-міністр зямлі Брандэнбург Маціяс Плацэк. Правядзенне падобных дыспутаў планавалася і ў 2008 годзе.

Але галоўнае заключаецца ў тым, што менавіта фонд ім. Фрыдрыха Эберта ў апошні час выступіў з новымі ідэямі і канцэпцыяй дыялогу і супрацоўніцтва паміж Нямеччынай, Еўропай і Беларуссю.

І хоць рэгіянальны кіраўнік Штэфан Хробат сцвярджае, што фонд не мае намер адмаўляцца ад працягу «канструктыўнага дыялогу з дзяржавай і грамадзянскай супольнасцю ў Беларусі», ён прызнае, што рашэнне аб закрыцці звязана з апошнімі палітычнымі падзеямі ў краіне.

«Змена ўмоваў у Беларусі і крокі афіцыйнага боку прывялі да таго, што неабходнасць зачынення прадстаўніцтва стала непазбежнай», - гаворыцца ў распаўсюджаным сёння прэс-рэлізе фонду.

Працэс закрыцця прадстаўніцтва фонду Штэфан Хробат «разглядае як сумны для Беларусі факт».

Нягледзячы на асабістую сустрэчу амбасадара ФРГ Гебхардта Вайса з А.Лукашэнкам, Нямеччына не дамаглася вызвалення палітвязня Аляксандра Казуліна і не змагла, выкарыстоўваючы прынцып кулуарнай палітыкі, пераканаць беларускія ўлады ў неабходнасці распачаць вызначаныя крокі ў бок дэмакратызацыі. Апошнія падзеі – разгон акцыі 25 сакавіка, арышты палітычных актывістаў, арышты і ператрусы незалежных журналістаў на фоне дыпламатычнага скандалу з ЗША – прывялі да таго, што ФРГ, прынамсі, на некаторы час вырашыла зняць з сябе кашулю лідэра ў наладжванні дыялогу паміж Еўрасаюзам і Беларуссю.

Закрыццё фондам імя Фрыдрыха Эберта свайго прадстаўніцтва ў Мінску, ініцыяванае напярэдадні афіцыйнага паведамлення Еўрасаюза аб адмове, падаўжэнні або ўзмацненні санкцый у дачыненні да Беларусі (тэрмін дзеяння санкцый мінае 10 красавіка), можна сапраўды разглядаць як сумны для Беларусі факт. Вельмі верагодна, што Еўропа падтрымае апошнія дзеянні ЗША і ўзмоцніць жорсткасць сваіх санкцыі, у першую чаргу – эканамічных.

АФН

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі