Вы тут

Французскі амбасадар з'ехаў з Беларусі

Нікаля дэ Буян дэ Лакост / by.ambafrance.org

Французскі амбасадар Нікаля дэ Буян дэ Лакост з'ехаў з Беларусі. Ён пакінуў нашу краіну на патрабаванне афіцыйнага Мінска зрабіць гэта да панядзелка, паведамляе AFP. Афіцыйная заява французскага боку чакаецца 18 кастрычніка. Магчыма, з'явіцца і каментар беларускага знешнепалітычнага ведамства. Верагодна, пасол Беларусі ў Францыі Ігар Фісенка быў адкліканы на радзіму.

Мяркуецца, што прычынай такіх дзеянняў МЗС Беларусі стала нежаданне амбасадара Францыі ўручаць даверчыя граматы Аляксандру Лукашэнку. Як вядома, афіцыйны Парыж не прызнае яго легітымным кіраўніком нашай краіны. Нікаля дэ Буян дэ Лакост быў у Беларусі з восені 2020-га. У канцы года ён уручыў копіі даверчых грамат толькі міністру замежных спраў Уладзіміру Макею.

Тым часам кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка не выключае, што французскі амбасадар можа працягнуць працу ў Вільні.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.