Форум дэмсіл у Варшаве: новы крок да кансалідацыі ці перацягванне коўдры?

Форум дэмсіл у Варшаве: новы крок да кансалідацыі ці перацягванне коўдры?

Форум дэмакратычных сіл адбыўся ў Варшаве ў траўні 2022 года. Сярод выступоўцаў былі экс-прэтэндэнт у прэзідэнты на выбарах 2020 года Валерый Цапкала, палітолаг Дзмітрый Балкунец, грамадскі дзеяч Вольга Карач ды іншыя. А вось Зянона Пазняка на форуме не было, як не было Святланы Ціханоўскай і Паўла Латушкі. Чаму не ўсе дэмсілы далучыліся да гэтага мерапрыемства?

— Я лічу, што гэты форум — спроба перадзелу палітычнай прасторы, — кажа палітолаг Павел Усаў. — Гэта вынік палітычнага крызісу, які наступіў у дэмакратычнай хвалі ў апошнія часы. Мы бачым, што Офіс Ціханоўскай і іншыя структуры, у тым ліку Каардынацыйная рада і НАУ, трацяць палітычны ўплыў, трацяць палітычны аўтарытэт. У тым ліку з прычыны непрадуманых тактычных дзеянняў, як гэта было і з “рэферэндумам”, як гэта было з агульнай стратэгіяй. Стварыць і ўтрымаць кансалідаванасць пазіцыі новай апазіцыі не ўдалося.

Мы памятаем, што Цапкала дзейнічаў у звязцы з Ціханоўскай, са штабам Бабарыкі. Зараз, відавочна, шляхі разышліся. Гэта абсалютна натуральны працэс. Падкрэслю, што беларуская апазіцыя на такое хварэла ўсе гэтыя гады. Ствараліся форумы, адныя аб’ядноўваліся з іншымі супраць трэціх. Ні да чога добрага гэта не прывяло. Усе гэтыя форумы, па сутнасці, фікцыя. Яны ніколі не з’яўляліся пачаткам нечага сур’ёзнага.

Я лічу, што ў структурным і ідэалагічным плане шанец утрымаць апазіцыю ў адзінстве сышоў. Ён быў з 2020 па 2021 год. Але ўсе гэтыя сілы былі раскіданыя на абсалютна непрадуманыя стратэгічныя дзеянні. Той шанец, калі можна было б выпрацаваць інтэгральныя, кансалідаваныя інстытуты, ён прайшоў.

— Яшчэ раз падкрэслю, што гэта не апошні форум, — працягвае палітолаг. —  Яны будуць ужо рэчаіснасцю, каб паспрабаваць перацягнуць на сябе пэўныя палітычныя ўплывы і ўвагу. Стварыць яшчэ адзін палітычны цэнтр для супрацьдзеяння тым цэнтрам, якія існуюць. Гэтая валтузня выключна да патрэбы [на карысць. — Еўрарадыё] праз рэжым Лукашэнкі. Нічога добрага для новай апазіцыі і альтэрнатыўнага палітычнага лагера яна не прынясе.

Адзінае, што, на маю думку, яшчэ можна паспрабаваць зрабіць, — гэта стварыць кансалідаваны нацыянальна-дэмакратычны рух. Менавіта на пазіцыі нацыянальнага і дэмакратычнага адзінства, а не на аснове людзей, якіх можна назваць палітычнымі перавёртышамі. Якія не маюць беларускага светапогляду, якія не маюць беларускасці і не маюць прывязанасці да таго, што мы называем “Беларусь” у нацыянальным, а не палітычным аспекце. Без адзінай яснай кансалідаванай ідэалогіі, сістэмы ўнутраных і знешнепалітычных каштоўнасцяў стварыць уплывовы палітычны арганізм будзе проста немагчыма.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі