Вы тут

Фігурант "справы 14 ліпеня" пакутуе на біпалярнае расстройства

Антон Шумаў / фота з сацсетак

Грубыя затрыманні і спробы мінчукоў адбіць сваіх сяброў у байцоў АМАПа 14 ліпеня працягнуліся штрафамі, суткамі і крымінальнымі справамі. Па іх ужо затрыманыя чатыры чалавекі.

Самаму старэйшаму з іх 31 год. Яго завуць Антон Шумаў. Гэта хлопец у камуфляжнай куртцы, які кінуўся на байцоў АМАПа, калі яны затрымлівалі іншага хлопца ў мінскім рэстаране хуткага харчавання KFC.

— Гэта проста вельмі добры і вясёлы чалавек. Наколькі я ведаю, у яго не было нейкай суперпалітычнай пазіцыі. Мы проста ішлі — ён зайшоў у туалет [KFC. — Еўрарадыё], — расказвае Еўрарадыё Надзея, нявеста Антона Шумава.

Моманту затрымання Антона яна не бачыла — сама ў гэты момант знаходзілася ў прыбіральні. Каментаваць тое, што адбылося, яна не хоча па парадзе адваката — "каб не нашкодзіць".

У маладога чалавека ёсць акаўнт у "Твітэры". Восенню мінулага года ён запусціў трэд пра тое, як ляжыць у псіхбальніцы. Надзея пацвердзіла Еўрарадыё, што Антон праходзіў лячэнне: у яго біпалярнае расстройства. Людзі, якія пакутуюць на БАР, схільныя да экстрэмальных ваганняў настрою, ад эмацыйных максімумаў (манія або гіпаманія) да дэпрэсій.

15 ліпеня ў судзе Цэнтральнага раёна Шумава аштрафавалі за парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў і непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі (артыкулы 23.34 і 23.4 КаАП РБ адпаведна). Штраф — 945 рублёў.

У той жа дзень дома ў хлопца быў праведзены ператрус. Цяпер месца яго знаходжання невядомае. Адваката да яго не пускаюць. Следчы камітэт паказаў у "Тэлеграме" відэа, дзе Шумава ў наручніках выводзяць з службовага аўтамабіля і вядуць у кабінет — магчыма, у будынку СК.

Антон Шумаў праходзіць падазраваным па крымінальнай справе, заведзенай раней за арганізацыю групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады (ч. 1 арт. 342 КК). Гэты артыкул прадугледжвае да трох гадоў пазбаўлення волі.

Следчы камітэт правярае дачыненне Шумава і яшчэ траіх затрыманых (іх узрост — 24, 23 і 20 гадоў) да іншых крымінальных спраў, пачатых пасля 14 ліпеня: паводле арт. 363 (супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў) і арт. 364 (гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў) Крымінальнага кодэкса.

Калі ў вас ёсць інфармацыя пра іншых фігурантаў "справы 14 ліпеня", паведаміце пра гэта Еўрарадыё.

Наш акаўнт у "Тэлеграме" — @euroradio_minsk.

Наша пошта: [email protected]

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.