Еўрасаюз увёў санкцыі супраць ГРУ за атручванне Скрыпаляў

Еўрасаюз увёў санкцыі супраць ГРУ за атручванне Скрыпаляў

Савет ЕС па замежных справах абвясціў пра новыя санкцыі ў рамках рэжыму па барацьбе з хімічнай зброяй, перадае Бі-Бі-Сі

У новы "чорны спіс" трапілі дзевяць фізічных асобаў і адна юрыдычная — ад Расіі ды Сірыі. З расійскага боку пад санкцыі трапілі Анатоль Чапіга (вядомы таксама як Руслан Башыраў) і Аляксандр Мішкін (вядомы як Аляксандр Пятроў). У дакументах ЕС яны пазначаныя як афіцэры ГРУ (Галоўнага разведвальнага ўпраўлення) і выканаўцы нападу ў Солсберы. Акрамя іх у спіс трапіў начальнік галоўнага разведвальнага ўпраўлення Генштаба Узброеных сіл Расіі (ГРУ) Ігар Касцюкоў і яго першы намеснік Уладзімір Аляксееў.

Таксама пад санкцыі ЕС трапілі пяць чалавек і адна арганізацыя з Сірыі (сірыйскі навукова-даследчы цэнтр SSRC).

Як вядома, санкцыі супраць Расіі ў сувязі са "справай Скрыпаля" напрыканцы жніўня 2018 года ўвялі ЗША. Гэтыя меры прадугледжваюць забарону на пастаўкі тавараў і паслуг для абароннага сектара, а таксама тэхналогій і тавараў, якія могуць быць выкарыстаныя для вытворчасці хімічнай зброі.

19 снежня Мінфін ЗША дадаў у "чорны спіс" Чапігу (Башырава) і Мішкіна (Пятрова). У сваёй заяве амерыканскі Мінфін, як і ЕС цяпер, назваў іх афіцэрамі ГРУ, адказнымі за замах на Сяргея Скрыпаля і яго дачку ў сакавіку 2018 года.

Асобы, якія трапілі пад санкцыі ЕС, не змогуць прыехаць на тэрыторыю Еўрасаюза, а іх актывы павінныя быць замарожаныя.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі