Еўрасаюз пераглядае палітыку ў адносінах да суседзяў, уключаючы Беларусь

Кіраўніца еўрапейскай дыпламатыі Федэрыка Магерыні і еўракамісар па пытаннях пашырэння і суседства Ёханэс Хан абвясцілі пра пачатак кансультацый па пераглядзе Еўрапейскай палітыкі суседства (ЕПС), піша tut.by.


 
Еўрапейская палітыка суседства вызначае адносіны Еўрасаюза са сваімі суседзямі. Яна мае два напрамкі — Паўднёвае партнёрства (яно ўключае краіны Паўночнай Афрыкі) і Усходняе Партнёрства, куды ўваходзіць і Беларусь.

Апошні раз ЕПС пераглядалася ў 2011 годзе. Кіраўнікі еўрапейскай дыпламатыі лічаць, што цяпер трэба "фундаментальна перагледзець прынцыпы, на якіх грунтуецца гэтая палітыка, а таксама яе аб'ём і выкарыстоўваныя інструменты".
 

Па словах Магерыні, пры апошніх зменах у рэгіёне сталі больш сур'ёзнымі выклікі — ад эканамічных праблем да нерэгуляванай міграцыі і пагроз бяспекі. "Нам патрэбна моцная палітыка, каб вырашаць гэтыя праблемы. Мы павінны лепш разумець розныя памкненні, каштоўнасці і інтарэсы нашых партнёраў", — заявіла кіраўніца еўрапейскай дыпламатыі. У камюніке Еўракамісіі гаворыцца, што Еўрасаюз павінен дыферэнцыявана падыходзіць да краін, якія ўдзельнічаюць у ЕПС.
 

Кансультацыі пра змены Еўрапейскай палітыкі суседства будуць праводзіцца да канца чэрвеня з краінамі-суседзямі і ўсімі зацікаўленымі асобамі. Пасля гэтага Еўракамісія падрыхтуе свае прапановы.
 

Для прапрацоўкі зменаў намечаны чатыры прыярытэты: дыферэнцыяцыя, накіраванасць, гнуткасць і нагляднасць.
 

Дарэчы, афіцыйны Мінск многія гады выступае ў падтрымку дыферэнцыяцыі пры кантактах Еўрасаюза са сваімі суседзямі.

Фота Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі