Вы тут

Еўрарадыё атрымала тры дыпломы на выставе "Фокус на будучыню"

Дыпломы выставы "Фокус на будучыню" / Еўрарадыё

Еўрарадыё атрымала тры дыпломы на выставе "Беларуская журналістыка — фокус на будучыню". Адзначаныя нашы праекты "Лад жыцця. Новае пакаленне", "пагэтыбок#" і "Ідэя Х".

Выстава прысвечаная таму, як медыі бачаць будучыню і распавядаюць пра людзей і ініцыятывы, якія рухаюць Беларусь наперад. Куратар выставы — вядомы беларускі фатограф Андрэй Лянкевіч. "Фокус на будучыню" можна паглядзець у Прэс-клубе да канца сакавіка.

Зміцер Лукашук побач са стэндам "Ідэі Х" / Марыя Вайтовіч, Еўрарадыё

"Лад жыцця. Новае пакаленне" — фотапраект Таццяны Менскай з "правіламі жыцця" новых беларускіх лідараў. Яны таленавітыя і харызматычныя, і ўжо сёння мяняюць наша жыццё.

Праект "пагэтыбок#" прысвечаны людзям, якія выйшлі з-за кратаў і змянілі сваё жыццё так, каб ніколі туды не вяртацца. Ім займалася журналістка Еўрарадыё Наста Бойка, якая зараз супрацоўнічае з "Радыё "Свабода".

"Ідэя Х" — праграма рэдактара Еўрарадыё Змітра Лукашука пра пошукі нацыянальнай ідэнтычнасці для Беларусі. Ужо запісана больш за 80 выпускаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.