Еўрапарламент выступіў за палітыку "крытычнага дыялогу" з Беларуссю

Еўрапарламент выступіў за палітыку "крытычнага дыялогу" з Беларуссю

Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю па Беларусі. У дакуменце прапануецца праводзіць з афіцыйным Мінскам палітыку "крытычнага дыялогу", піша "Беларускі партызан".

Еўрадэпутаты звярнулі ўвагу, што на мясцовых выбарах 2018 года беларускія ўлады так і не прынялі да ўвагі рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ і Венецыянскай камісіі Савета Еўропы. Яны заклікалі неадкладна аднавіць працу над агульнай выбарчай рэформай.

У дакуменце выказваецца шкадаванне, што ў Беларусі працягваецца пераслед незалежных журналістаў і СМІ. Як прыклад згадваецца збіццё журналіста тэлеканала "Белсат" Андрэя Козела на мясцовых выбарах і блакаванне сайта "Хартыя 97". Еўрапарламент заклікаў неадкладна адмяніць гэтае блакаванне.

Еўрапарламентары крытыкуюць адмову ў рэгістрацыі палітычных апазіцыйных партый. Таксама яны выказалі шкадаванне з нагоды непрапарцыйнай рэакцыі ўладаў на спробу правесці несанкцыянаваную маніфестацыю 25 сакавіка 2018 года. Тады былі арыштаваныя дзясяткі актывістаў, у тым ліку лідары апазіцыі.

У чарговы раз Еўрапарламент запатрабаваў вызваліць грамадскіх актывістаў Міхаіла Жамчужнага і Змітра Паліенку, зняволеных па палітычных матывах. Таксама еўрадэпутаты патрабуюць, каб афіцыйны Мінск рэабілітаваў усіх былых палітвязняў і аднавіў іх грамадзянскія і палітычныя правы.

Еўрапарлямэнт традыцыйна настойвае, каб Беларусь далучылася да мараторыю на смяротнае пакаранне. Гэта мусіць стаць першым крокам на шляху да поўнай адмены смяротнай кары.

Дэпутаты заклікалі Еўрапейскую знешнепалітычную службу і Еўракамісію працягваць падтрымку арганізацый грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. Яны падкрэслілі важнасць дапамогі незалежным крыніцам інфармацыі беларускага грамадства — у прыватнасці, радыёстанцыям і тэлеканалам, якія з-за мяжы вяшчаюць па-беларуску.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі