Грамадзянская супольнасць Беларусі атрымае ад Еўракамісіі новы пакет дапамогі на 100 мільёнаў еўра. Пра гэта заявіў прадстаўнік Еўракамісіі Ерун Вілемс.
"Праз некалькі тыдняў будзе абвешчаны новы пакет падтрымкі беларускай грамадзянскай супольнасці", — перадае яго словы ТГ-канал "Позірк".
Вілемс заявіў, што ў ЕС лічаць важным "інвеставаць у людзей, каб стварыць стабільную грамадзянскую супольнасць", а таксама падтрымліваць незалежныя СМІ.
Ён выказаў захапленне трываласцю беларусаў ва ўмовах рэпрэсій. "Беларусы вельмі натхняюць нас. Мы гатовыя працягваць падтрымліваць іх трываласць і супраціў. /.../ Падтрымка беларускага народа ў самым цэнтры нашых намаганняў", — заявіў прадстаўнік Еўракамісіі.
Ён дадаў, што цяпер вядзецца пошук арганізацый, якія, будучы за мяжой, дапамагалі б невялікім ініцыятывам унутры краіны, "але каб было больш праектаў, якія могуць паўплываць на змяненне сітуацыі".