Вы тут

Еўрадэпутат: у нашым постчарнобыльскім свеце нельга ігнараваць кнігі Алексіевіч

Пятрас Аўштравічус / кадр з відэа

Беларуская АЭС — гэта не праблема адносінаў Літвы і Беларусі, а праблема адносінаў Мінска і Бруселя. Пра гэта журналістам заявіў літоўскі еўрадэпутат Пятрас Аўштравічус, які наведвае Беларусь у складзе дэлегацыі Еўрапарламента.

Па яго словах, асноўнае патрабаванне да АЭС у Астраўцы — гарантыі бяспекі. У якасці аргументаў ён спаслаўся на Чарнобыльскую катастрофу: "Я думаю, Святлана Алексіевіч у сваіх кнігах добра апісала трагедыю Чарнобыля, якая здарылася не так ужо і даўно — нашае пакаленне гэта памятае. І мы не хочам "Чарнобыль нумар два".

Дарэчы, у Мінску еўрадэпутаты сустракаліся з нобелеўскай лаўрэаткай. Аўштравічус прызнаўся, што чытаў кнігі Святланы Алексіевіч, і высока ацаніў іх. Асабліва ён адзначыў кнігу "Цынкавыя хлопчыкі", прысвечаную вайне СССР у Афганістане: "Гэта папярэджанне для цяперашніх палітыкаў і палітыкаў будучых пакаленняў: прымаць рашэнні трэба вельмі абдумана і сур'ёзна, а не прымаць паспешлівыя рашэнні — ці то па вайне, ці то па будаўніцтве атамных станцый, якія потым могуць стаць прычынай катаклізмаў. Мы яшчэ жывем, я б сказаў, у постчарнобыльскай катастрофе, і ігнараваць такія кнігі — гэта вялікая памылка"

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.