ЕС: Мінску варта рабіць крокі для аднаўлення дыялогу, а не пагаршаць сітуацыю

Еўрасаюз яшчэ да заяваў афіцыйнага Мінска замарозіў і панізіў узровень усіх відаў дыялогу з беларускімі ўладамі. Так афіцыйны прадстаўнік знешнепалітычнай службы ЕС Петэр Стана пракаментаваў рашэнне Беларусі панізіць узровень удзелу ў праграме "Усходняга партнёрства" з міністэрскага да экспертнага. 

Пра такое рашэнне заявіў сёння міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей. Таксама ён прапанаваў прыпыніць працу каардынацыйнай групы "Беларусь — Еўрасаюз". 

"ЕС ужо замарозіў і панізіў узровень усіх відаў дыялогу з Беларуссю яшчэ раней. МІнску варта было б рабіць крокі для аднаўлення дыялогу, а не працягваць пагаршаць сітуацыю. Мы не прызнаем вынікі прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня і не лічым Лукашэнку легітымным прадстаўніком народа Беларусі", — цытуе ТАСС словы Стана.

Прадстаўнік ЕС падкрэсліў, што Еўрасаюз працягне дыялог з грамадзянскай супольнасцю Беларусі і падтрымку НДА.

19 лістапада кіраўнікі МЗС 27 краін Еўрасаюза абмяркуюць новыя санкцыі супраць Беларусі, у тым ліку магчымыя новыя віды абмежаванняў — акрамя пашырэння чорнага спісу беларускіх чыноўнікаў. Стана не выключыў, што гэта могуць быць эканамічныя санкцыі.

Цяпер ЕС увёў санкцыі супраць 55 прадстаўнікоў кіраўніцтва Беларусі, у тым ліку Аляксандра Лукашэнкі. Ім забаронены ўезд у ЕС, а іх рахункі, калі будуць выяўленыя, павінны быць замарожаныя.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.