Эмір Кустурыца ці Gogol Bоrdello сыграюць на фестывалях у Беларусі

"Еўрарадыё" вырашыла даведацца, якія музычныя фестывалі чакаюць беларусаў у гэтым годзе. Як высветлілася, большасць леташніх гучных фэстаў пройдуць і сёлета. Да прыкладу, травеньскі фестываль "Паляна", на якім хэдлайнерамі былі гурт "Ляпис Трубецкой" і калектыў Сяргея Шнурава "Рубль", у 2011-м годзе зменіць фармат. Паводле словаў аднаго з арганізатараў Яўгена Новаша, дзе пройдзе новая "Паляна", пакуль дакладна невядома, але яна будзе арыентаваная на балкан-біт і стане больш "сонечнай".

Яўген Новаш: "Хэдлайнерам будзе ці "Gogol Bоrdello", ці Эмір Кустурыца са сваім "No Smoking Orchestra". Таксама будзе выступаць гурт "Botanic Project", не абыдзецца і без панк-тусоўкі, прадстаўнікамі якой будуць гурт "Дай Дорогу" з Брэста, а таксама гурт "J-J Bings". Фестываль у гэтым годзе будзе больш доўгі па часе: з 12 да 23, і мы дадзім больш часу маладым гуртам".

Апроч "Паляны" Яўген займаецца фестывалем панк-культуры, які адбудзецца 27-га сакавіка ў "Рэактары". Яго хэдлайнерамі стануць расійскія гурты "Пурген" і "Тараканы".

Фестываль "Навальніца" таксама рыхтуе новую культурную падзею. Арганізатар Ігар Сідаровіч кажа, што зараз вядзецца размова аб правядзенні мерапрыемства, якое з часам стане візітоўкай Мінска.

Ігар Сідаровіч: "Плануецца праект "Беларускі баль выпускнікоў", і зрабіць гэта мяркуецца на пляцоўцы новага "Парка Перамогі". Але пакуль усё на стадыі пошукаў фінансавання, бо праект некамерцыйны. То бок плануецца акцыя, якая з часам стала б тварам горада".

Але Ігар дадаў, што пакуль мала ўяўляе, як гэта ўсё зрабіць, улічваючы патрабаванні бяспекі падчас працы з піратэхнікай і звычайныя паводзіны выпускнікоў.

Што ж датычыцца міжнароднага фестывалю "Навальніца", то адбудзецца ён, хутчэй за ўсё, у Лагойску на апошніх выхадных жніўня. Плануецца, што ўдзельнічаць будуць піратэхнічныя каманды з Францыі, Германіі, Расіі і Украіны. А вось на сцэне два дні будуць выступаць толькі беларускія музыкі. Замежных гуртоў у кожным разе пакуль не плануецца.

Супрацьлеглая сітуацыя — з некалі выключна беларускім фестывалем "Камяніца". Сёлета ў першых днях верасня ў Строчыцах чакаюцца госці з Украіны — гурт "Воплі Відоплясова". З беларускага боку ўжо ёсць вусныя дамоўленасці з "Крамбамбуляй" ды "Старым Ольсам". Да таго ж, як адзначае арганізатар Сяргей Чагрынец, зараз вырашаецца, ці рабіць фэст двухдзённым. Але ўсе падрабязнасці пра выступоўцаў ды саму "Камяніцу" варта чакаць толькі ў траўні.

Дарэчы, Сяргей прызнаўся, што рыхтуе і яшчэ адно мерапрыемства, таксама фальклорнага накірунку.

Сяргей Чагрынец: "У нас, на жаль, няма нічога знакавага ў летні перыяд. Можа быць, гэтую ідэю нехта падхопіць раней за нас, таму можна сказаць, што ў адно са знакавых святаў нашага народа мы б хацелі падарыць яму яшчэ адзін невялікі фестываль. Не абавязкова глыбока этнічны, але нацыянальны — гэта дакладна".

Адразу два новыя, але невялікія фэсты рыхтуе канцэртнае агенцтва Ibad.ru. Паводле словаў Яна Бусла, гэта будуць блюзавы фестываль ды трыб'ют Beatles. Яны, як і "JazzСреда", пройдуць у рэстаране "Мулен-Руж" пры ўдзеле выключна беларускіх музыкаў. Дарэчы, другая па ліку "JazzСреда" адбудзецца ўжо ў сакавіку, яе ўдзельнікамі стануць сталыя выступоўцы "Графіці", а хэдлайнерам зноў стане Symphonic Drive Orchestra пад кіраўніцтвам Аляксандра Ліпніцкага. Але і гэта не ўсё. Як адзначае Ян, сёлета будзе зладжаны другі фестываль "Пикник Граффити".

Ян Бусел: "Пикник Граффити" будзе ці напрыканцы траўня, ці ў чэрвені. Ужо вызначыліся з пляцоўкай — хутар "Фестывальны” недалёка ад Ракава, на якім яшчэ не праходзіла мерапрыемстваў. Будзе адрознівацца маштабам, усяго будзе больш. Але пакуль усё трымаецца ў сакрэце, усё стане вядомым бліжэй да вясны".

Таксама мы даведаліся, што сёлета зменіць свой статус фестываль "Вольнае Паветра", які раней праходзіў на хутары "Шаблі", так бы мовіць, для "сваіх". Адзін з арганізатараў Яўген Калмыкоў распавёў, што зараз фестываль пройдзе ў канцы чэрвеня ў трошкі змененым фармаце.

Яўген Калмыкоў: "Будуць і беларускія калектывы, але мы прывязем з Расіі, Польшчы маладыя гурты, якія бяруць нейкую карнявую музыку і дадаюць да яе нешта новае, эксперыментальнае. Але гэта не папсовы фестываль, гэта будуць імёны, але не зоркі".

Дадаткова на канец лета-пачатак восені Яўген плануе яшчэ адзін фэст, дзе возьмуць удзел беларускія і расійскія рок-зоркі. Але іншых падрабязнасцяў пакуль не кажа.

Адзін з лідэраў фестывальнага жыцця Беларусі "Рок за Баброў" таксама запланаваны. Аднак пакуль арганізатары нічога пра яго не расказваюць. Маўляў, днямі адбудзецца арганізацыйны сход, пасля якога стане больш-менш зразумела, чым фэст будзе радаваць наведвальнікаў у гэтым годзе.

Засталося нагадаць пра традыцыйны "Рок па вакацыях". Пра склад удзельнікаў і час правядзення пакуль нічога невядома. Але арганізатары запэўніваюць: фэст адбудзецца дакладна. Не забыліся мы і пра "Рок Каранацыю-2010", якая будзе мець выгляд гала-канцэрта пераможцаў усіх папярэдніх часоў. Фестываль пройдзе ў КЗ "Мінск" ужо 18 лютага.

Фота: myfest.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі