Элітныя спецыяльнасці ў беларускіх ВНУ падаражэлі на мільён

Абсалютнае першае месца па самых дарагіх спецыяльнасцях займае Белдзяржуніверсітэт. Спецыяльнасці IV групы там каштуюць 6 мільёнаў 563 тысячы, і гэта:

"Гэта факультэты міжнародных адносін, юрыдычны і эканамічны", — распавялі Еўрарадыё ў прэс-службе БДУ.

У параўнанні са жніўнем мінулага года кошты ўзраслі на 23%. Пры гэтым самае дарагое навучанне — на першым курсе. Пяты ж таннейшы амаль на 1 мільён і каштуе 5 мільёнаў 741 тысячу рублёў.

Другое месца ўпэўнена трымае Беларускі нацыянальны тэхнічны універсітэт. Там кошты таксама падняліся.

"Прыкладна на 20 працэнтаў стала даражэй", — кажуць у прыёмнай камісіі БНТУ.

Цяпер самыя дарагія спецыяльнасці каштуюць 5 мільёнаў 447 тысяч. І гэта амаль увесь энергетычны факультэт, у тым ліку “Паратурбінныя ўсталёўкі атамных станцый”. А таксама наступныя спецыяльнасці: “Будаўніцтва цеплавых і атамных станцый”, “Мытная справа”, “Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі”, “Аўтасістэмы апрацоўкі інфармацыі”, “Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій”, “Архітэктура і дызайн”.

На трэцім месцы — Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі:

"Самыя дарагія — 5 мільёнаў 200 тысяч — факультэт інфармацыйных тэхналогій і ўпраўлення і факультэт кампутарных сетак і сістэм. Раней яны каштавалі 4 мільёны 700 тысяч", — распавялі Еўрарадыё ў прыёмнай камісіі БДУІР.

У педагагічным універсітэце імя Танка самыя дарагія — творчыя спецыяльнасці, кажуць у прыёмнай камісіі БДПУ.

"Тыя спецыяльнасці, дзе ў нас ёсць індывідуальная праца са студэнтамі, звязаная з музыкай. Вось яны самыя дарагія".

Каштуюць яны зараз 4 мільёны 758 тысяч, а падаражэлі амаль на 300 тысяч. Гэта "Музычнае мастацтва", "Спецыяльныя музычныя дысцыпліны", "Сацыяльная педагогіка", "Тэатральнае мастацтва".

Нашую пяцёрку замыкае Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт. Самыя дарагія спецыяльнасці каштуюць тут 4 мільёны 464 тысячы.

"Усё што звязана са знешнеэканамічнай дзейнасцю, — там кошт вышэйшы. Улік у знешне-эканамічнай дзейнасці, факультэт міжнародных эканамічных адносінаў. Усё што звязана з гэтым плюс вышэйшая школа турызма", — распавялі Еўрарадыё ў прыёмнай камісіі БДЭУ.

У БДЭУ таксама было значнае павышэнне коштаў. Раней дарагія эканамічныя спецыяльнасці каштавалі 3 мільёны 699 тысяч, падаражэнне склала амаль 1 мільён.

Фота: bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі