Эксперты з ЗША знайшлі месца разгортвання новай расійскай ядзернай ракеты

Выпрабаванне расійскай крылатай ракеты

Выпрабаванне расійскай крылатай ракеты / @mod_russia

Двое амерыканскіх даследчыкаў знайшлі імавернае месца разгортвання ў Расіі ракеты 9М370 "Буравеснік". Гэта новая крылатая ракета з ядзерным боезарадам, якую расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін назваў "непераможнай". Пра высновы даследчыкаў піша Reuters. Пуцін заявіў, што зброя, якую ў NATO называюць SSC-X-9Skyfall, мае практычна неабмежаваны радыус дзеяння і можа абысці супрацьракетную абарону ЗША. Аднак некаторыя заходнія эксперты сумняваюцца ў стратэгічнай каштоўнасці "Буравесніка". Яны лічаць, што ён не дадасць магчымасцяў Маскве, затое стварае для гэтай краіны дадатковыя экалагічныя рызыкі.

 На думку даследчыкаў, "Буравеснік" разгарнулі за 475 км на поўнач ад Масквы недалёка ад сховішча ядзерных боегаловак у раёне ваеннага гарадка Волагда-20 ля пасёлка Чэбсара. Такую выснову яны зрабілі пасля аналізу спадарожнікавых здымкаў кампаніі Planet Labs. На думку аднаго з даследчыкаў Дэкера Эвелета, на здымках бачныя дзевяць гарызантальных стартавых пляцовак, якія знаходзяцца ў стадыі будаўніцтва. Яны размешчаны трыма групамі ўнутры высокіх насыпаў. Гэтыя насыпы павінны абараніць ракеты ад нападаў ці прадухіліць выпадковы выбух пры дэтанацыі ракеты на іншай пляцоўцы, адзначыў Эвелет. 

"Гэта месца прызначана для вялікай стацыянарнай ракетнай сістэмы, а адзіная вялікая стацыянарная ракетная сістэма, якую яны (Расія) у цяперашні час распрацоўваюць, — гэта Skyfall", — падкрэсліў Эвелет. У дакладзе Нацыянальнага цэнтра паветранай і касмічнай выведкі ВПС ЗША за 2020 год гаварылася, што калі Расія паспяхова прыме на ўзбраенне "Буравеснік", гэта дасць Маскве "унікальную зброю з міжкантынентальнай далёкасцю палёту". Аднак апытаныя Reuters экспэрты скептычна настроеныя ў дачыненні да новай ракеты. Прадстаўнікі арганізацыі Nuclear Threat Initiative (NTI), якая займаецца зніжэннем рызык і новымі тэхналогіямі нагадваюць, што ў "Буравесніка" дрэнная рэпутацыя: з 2016 года было праведзена не менш за 13 выпрабаванняў, і з іх толькі два завяршыліся частковым поспехам. 

Некаторыя эксперты адзначалі, што ядзерны рухавік ракеты можа стаць крыніцай радыяцыі па шляху палёту, а разгортванне "Буравесніка" можа прывесці да аварыі і забруджвання рэгіёну. "Skyfall — гэта ўнікальная дурная сістэма зброі, лятаючы Чарнобыль, які ўяўляе у большай ступені пагрозу для Расіі, чым для іншых краін", — адзначыў Томас Кантрымэн, былы высокапастаўлены супрацоўнік Дзярждэпартамента ў Асацыяцыі кантролю над узбраеннямі.

Эксперты из США нашли место развертывания новой российской ядерной ракеты
Меркаванае месца разгортвання расійскай крылатай ракеты/ Planet Labs PBC via REUTERS

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі