Эксперт: Рынак арэнднага жылля замер у чаканні

Для арандатараў жылля — няпростыя часы: як правіла, з гаспадарамі кватэр усе разлічваюцца ў доларах, да іх жа прывязаны і кошт арэнды. Але набыць валюту можна, калі пашанцуе, і толькі з 30% зборам дадаткова да афіцыйнага курса Нацбанка.

Спрабуем знайсці кватэру і разлічыцца ў рублях.

“Не хацеў бы ў беларускіх разлічвацца, самі ж разумееце, што пасля з імі рабіць, саліць хіба? Гэта “хрушчоўка”, пакоі вялікія. Аплата 380+камуналка”, — апісвае ўмовы гаспадар двухпакаёўкі недалёка ад станцыі метро “Грушаўка”. Увосень знайсці дзвюшку за такія грошы было праблемай. На двухпакаёўку за 400 стаялі чэргі.

Аднапакаёўку на Нямізе гаспадыня прапануе зняць за 400, але дазваляе плаціць па курсе беларускімі рублямі. Аплата — з улікам камісіі ад Нацбанка.

Двухпакаёўку на Прытыцкага прапануюць за 810 долараў: пральная машына, падлога з падагрэвам ды іншыя бонусы.

“Павышацца аплата наўрад ці будзе, а ці ўпадзе… Не вядома, цяпер наогул невядома, што будзе”, — адразу гаворыць гаспадар. Аплату хоча не ў рублях.

За аднушку на Багдановіча на суткі гаспадыня просіць 25 долараў, можна заплаціць беларускімі па 12 тысяч за долар. Зняць можна, хоць сёння. Кватэра вольная і заўтра.

У маладой спецыялісткі з Полацка, якая цяпер працуе ў Мінску, гаспадар кватэры ўжо падымае кошт.

За паўтарушку на Грушаўцы гаспадар просіць 470 з камунальнымі ў рублях па курсе набыцця валюты — 14700”, — скардзіцца дзяўчына. І шукае новае жыллё.

Рынак жылля замер у чаканні, адразу гаворыць намесніца дырэктара па арэндзе жылля агенцтва “Твая сталіца” Наталля Радзеня:

“Арандатары намагаюцца цяпер нічога не здымаць, адклалі на паслянавагоднія дні. А ўласнікі тэлефануюць, цікавяцца, што рабіць. Мы раім прыслухоўвацца, дамаўляцца. Народ пагаджаецца, няма куды падзецца. Але ёсць і тыя, хто не дамаўляецца, людзі з’язджаюць. Цяпер наогул няма сэнсу трымаць такі кошт, арэнда мусіць паніжацца. Узімку попыт ніжэйшы, але многія упіраюцца”, — тлумачыць эксперт.

І не бярэцца прагназаваць, што будзе пасля Новага года. На пачатку снежня сярэдні кошт аднапакаёўкі яна называе ў 350 долараў, двухпакаёўкі — 400. За такую суму можна было знайсці цалкам упакаваную дзвюшку, бо попыт упаў удвая.

Фота: osorealty.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі