Эксперт: "Лукашэнка 2.0 узору вясны 2020-га задаволіць ЗША і ЕС"

"Лукашэнка мусіць сысці!". Пікет на Камароўцы, Мінск / Еўрарадыё
"Лукашэнка мусіць сысці!". Пікет на Камароўцы, Мінск / Еўрарадыё

Як расцэньваць абяцанне правядзення новых выбараў пасля змены Канстытуцыі? Што гэта — новая спроба "абнулення" тэрміну Лукашэнкі на пасадзе кіраўніка дзяржавы або жаданне "перагарнуць старонку" пасля выбараў 2020 года?

— Цяпер пра "абнуленне" гаварыць рана, таму што згодна з дзейнай Канстытуцыяй няма абмежаванняў на колькасць тэрмінаў знаходжання на пасадзе прэзідэнта, — расказвае Еўрарадыё кіраўнік аналітычнага праекта Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў. — А вынікі выбараў 2020 года могуць абнуліцца толькі праз новыя выбары. І гэта тое, чаго патрабуе не толькі Захад публічна, але і тое, пра што гаварыў Крэмль праз сваіх прапагандыстаў.

Я з вялікай ступенню ўпэўненасці лічу, што ўжо ў найбліжэйшыя месяцы мы можам атрымаць не толькі канстытуцыйны рэферэндум, але адначасова і прэзідэнцкія выбары. Апошняя хваля рэпрэсій, якая адбывалася на працягу апошняга месяца, сведчыць менавіта пра зачыстку палітычнага поля перад электаральнай кампаніяй. Перад прэзідэнцкімі выбарамі 2020 года адбывалася прыкладна тое самае: ізаляцыя людзей, якіх палічылі магчымымі арганізатарамі пратэстаў, знішчэнне альтэрнатыўных крыніц інфармацыі.

Калі дапусціць, што Лукашэнка ўсё ж сыдзе, — куды і на якіх умовах ён можа сысці? Хто можа гарантаваць яго спакойны сыход?

— Расія яму гэта можа гарантаваць, — упэўнены Андрэй Паротнікаў. — Не трэба гаварыць, што "нічога нельга гарантаваць". Іншы важны момант — мы ж яшчэ не бачылі тэксту змененай Канстытуцыі. Тое, што зліў Васкрасенскі, можа быць фальшывай мэтай для таго, каб справакаваць нейкія дыскусіі, праверыць рэакцыю беларускага грамадства на такога кшталту змены.

Не выключана, што датэрміновыя прэзідэнцкія выбары будуць "гульнёй у адны вароты", і Крэмль гэта цалкам задаволіць. Але што скажуць на Захадзе?

— Калі пачнецца дээскалацыя ўнутрыпалітычнай сітуацыі ў Беларусі, калі пачнуць адпускаць палітвязняў і паспрабуюць адкруціць сітуацыю па стане хоць бы на травень мінулага года — я вас запэўніваю, Захаду гэтага будзе абсалютна дастаткова, — працягвае эксперт. — Яны з вялікай неахвотай уводзілі сектаральныя санкцыі і рэагавалі на тое, што адбывалася ў Беларусі. Для Захаду Аляксандр Лукашэнка — персанаж непрыемны, але непрыемны эстэтычна. А так, збольшага, ён адпавядае стратэгічным інтарэсам ЕС і ЗША. І калі на выхадзе яны атрымаюць "Лукашэнку 2.0" узору вясны 2020 года — гэта іх задаволіць цалкам, будзьце пэўныя.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі