Вы тут

Эдуард Ханок: Да восені я мушу падрыхтавацца, і буду падаваць у суд

Фота: gordonua.com

Кампазітар Эдуард Ханок усё ж вырашыў падаць у суд на Ядзвігу Паплаўскую і Анатоля Ярмоленку. Канфлікт паміж вядомымі музыкамі пачаўся ў красавіку 2017 года. Кампазітар забараніў зоркам беларускай эстрады выконваць пяць сваіх песень: "Малиновка", "Я у бабушки живу", "Завіруха", "Счастливый случай" і "Вы шумiце, бярозы". Сваю пазіцыю ён патлумачыў непавагай да яго асобы і парушэннямі аўтарскіх правоў. А апошняй кропляй стаў канцэрт памяці Аляксандра Ціхановіча, дзе песні аўтарства Эдурда Ханка называлі “Сашынымі”, не зважаючы на тое, што сапраўдны аўтар знаходзіўся ў гэты момант у зале. Цяпер дадалася і незадаволенасць тым, што Паплаўская і Ярмоленка кажуць пра кампазітара ў прэсе. Падрабязней пра канфлікт і яго магчымае развіццё Эдуард Ханок распавёў Еўрарадыё:

Еўрарадыё: На пачатку траўня вы заявілі, што адмаўляецеся ад намераў падаваць у суд…

Эдуард Ханок: У мяне ніколі нават думкі не было не падаваць у суд. Казаў я пра тое, што не буду падаваць, каб людзі спынілі істэрыкі. Гэта была мая стратэгія і тактыка. Я хацеў, каб Паплаўская спыніла істэрыку, спрабаваў дамовіцца з Ярмоленкам. Ярмоленку я прапаноўваў заключыць дамову на выплату 2,5 тысячы долараў, якія пойдуць на будаўніцтва помніка воінам-дэсантнікам ў Калодзішчах. Гледзячы па ўсім, ён не жадае іх выплочваць. Не жадае, і не трэба. Значыць, давядзецца іх забіраць іншым чынам. Я баец, змагаюся да перамогі. Проста патрэбны час, каб падрыхтавацца, вывучыць законы, і буду падаваць у суд.

Еўрарадыё: Прычыны застаюцца папярэднімі ― парушэнне аўтарскіх правоў, так?

Эдуард Ханок: Так! Гэта найгрубейшае парушэнне аўтарскіх правоў. Вось, Ярмоленка цяпер кажа: “Калі ён жадае, то я буду яго абвяшчаць”. Ён увогуле не мае ніякага права такое казаць. Ён па законе абавязаны гэта рабіць на ўсіх канцэртах. Бо, прабачце мяне, адна справа, калі гэта тэлевизійны канцэрт, дзе ўсё вельмі шчыльна па часе, там можа быць варыянт без абвяшчэння. Але, калі вы рэгулярна праводзіце канцэрты, якія потым гледачы выкладваюць у інтэрнэт на сваіх старонках, то атрымліваецца, што там яны нідзе не абвяшчаюць.

Ёсць жа правілы, ёсць жа права аўтарства. Песня не можа быць без аўтара. Напрыклад, абвяшчаюць жа: “Вольфган Амадэй Моцарт “Турэцкі марш”, хоць усе і так ведаюць, чый гэта твор.

А ёсць і другі артыкул, які я цяпер вывучаю: “Прысвойванне аўтарства”. Калі хавалі Аляксандра Ціхановіча, ніводная газета не напісала, што я аўтар гэтых папулярных песень. Калі ўсе пішуць, што гэта сашыны песні, калі ўсе кажуць, што гэта Сашыны песні, калі Ярмоленка, выступаючы з Тота Кутуньё, кажа: “Дзякуй Тота Кутуньё за тое, што ўзяў нашу песню”… гэта крадзеж. Таму я і кажу, што ёсць нават крымінальны артыкул “Прысвойванне аўтарства”. Таму пакуль я яшчэ не гатовы, але да восені дастаткова часу, каб вывучыць законы.

Еўрарадыё: Але ж у савецкія часы гэтыя песні спявалі бясплатна і праблем не было

У савецкі час мы атрымлівалі кватэры бясплатна. Але сёння, па новых законах гэта ўжо ўласнасць дзяржавы, і мы гэтыя ж кватэры мусім прыватызаваць, заплаціць грошы. Калі не прыватызуем, то будзем арэндаваць гэтыя кватэры ў дзяржавы. Так і з песнямі. Калі ў савецкія часы песні спявалі бясплатна, то сёння яны уласнасць аўтара, і ён мае права патрабаваць за іх любую суму, хоць мільён долараў. Бо яны мусілі заключыць дамову з аўтарам, хоць бы ў 2011 годзе, калі выйшаў асноўны ўказ пра аўтарскія правы.

Менавіта таму ў мяне ёсць дамова з Вітасам на песню “Потолок”, у мяне ёсць дамова з Надзеяй Бабкінай… Чаму яны заключылі са мной дамовы? Прычым, на старыя песні, якія спяваліся яшчэ ў СССР. Бо сёння гэтыя песні ― мая ўласнасць і, калі вы выконваеце іх без майго дазволу, то я маю права выставіць так званы тэрмін іскавай даўнасці. А тым больш, калі вы нават не абвяшчаеце аўтара! Гэта ўжо значыць, што вы проста прысвойваеце песню сабе.

Еўрарадыё: У якасці аргументаў абароны кажуць пра тое, што аранжыроўкі да вашых песень рабілі самі выканаўцы…

Эдуард Ханок: Разумееце, ёсць законы, а ўсё іншае дэмагогія. Аранжыроўка тут ні пры чым. Няхай пачытаюць законы. Аранжыроўка робіцца артыстам для таго, каб ён меў поспех у гледача, гэта перш за ўсё важна яму. Аранжыроўка не з’яўляецца абавязкам кампазітара. Напрыклад, цяпер у мяне ёсць дамова з прадзюсарскім цэнтрам “Спамаш” на выкананне песні “Остывший пляжАлёнай Ланской. І ў дамове прапісаныя ўсе нюансы. Там напісана, што я павінен прадаставіць два экземпляры клавіра, то бок песня набываецца па клавіры, па нотах. Усё астатняе называецца тэхнічнай працай, якая не дае права на суаўтарства, пра што таксама дакладна напісана ў законе пра аўтарскае права. То бок вы даяце ідэю, матыў. Я ведаю шмат кампазітараў у Беларусі, якія пішуць правільныя песні, але яны ніколі не запяюцца. Бо асноўная справа ― сачыніць ідэю, фішку. Шаінскі бярэ сем нот і робіць песні, якія спявае ўся краіна, а іншы бярэ тыя ж сем нот, піша і ніхто нічога не спявае. Таму плацяць не за аранжыроўку, а за талент прыдумаць вось гэтую фішку.

Еўрарадыё: Але цяпер жа вы забаранілі ім выконваць вашы песні…

Эдуард Ханок: Песні я забараніў выконваць, яны закрытыя, але яны ж усё роўна могуць парушаць гэтыя правілы. Таму галоўная мэта іска ў суд у дачыненні да Паплаўскай ― не фінансавая, а каб у судовым парадку ёй забаранілі выконваць гэтыя песні.

Еўрарадыё: А як жа быць з аўтарам тэксту?

Эдуард Ханок: Я б парушыў жаданне аўтара тэксту, калі б у нас з ім была калектыўная дамова. Калі няма, то ў законе прапісана, што кожны з нас мае права забараніць ці дазволіць, гэта наша аўтарскае права. Таму артысты павінны самі шукаць магчымасці з намі дамаўляцца. Не я павінен адсочваць, а яны самі павінны гэта рабіць.

Еўрарадыё: Апроч парушэння аўтарскіх правоў, іск за абразу ўсё ж будзе, ці не?

Эдуард Ханок: Натуральна. Гэта ідзе першым нумарам. Асабліва ў дачыненні да Паплаўскай. Калі вы не ведаеце законаў, але, карыстаючыся сваёй папулярнасцю, дэзарыентуеце народ, то гэта злачынства. Яна кажа, што я вымагаю ў яе 25 тысяч долараў. Але я па законе маю права. І не толькі 25 тысяч, але і 150. Бо гэтая  песня ― мая ўласнасць. Так жа, як і машына. Калі я вам даў пакатацца, і вы дзесяць гадоў на ёй ездзілі, то гэта не значыць, што гэтая машына стала вашай. У любы момант я магу сказаць: вяртайце ці выкупайце гэтую машыну. Іншая справа, ці будзеце вы яе ў мяне купляць. А яны думаюць, што будуць звяртацца да народа і народ вырашыць. Але народ нічога не вырашыць, бо гэта ўласнасць.