Вы тут

Дзве аварыі за 10 дзён. Чаму беларускія турфірмы эканомяць на перавозчыках?

Фото: izvestiya.in.ua

Вечарам 8 ліпеня недалёка ад украінскай мяжы ў Румыніі перакуліўся аўтобус са школьнікамі з Беларусі. Незадоўга да таго дзевяць беларусаў пацярпелі на ўсходзе Грузіі, дзе таксама перакуліўся турыстычны аўтобус. Як застрахавацца ад такіх прыгод, на што можа разлічваць турыст, і што павінна рабіць турфірма? Абмяркоўваем са знаўцам турыстычнага рынку, рэдактарам сайта Рэспубліканскага саюза турыстычных арганізацый Беларусі Ліліяй Кобзік.

Лілія Кобзік: Складаючы дамову, звяртайце ўвагу на перавозчыка. Мы ўжо прывыклі чытаць водгукі пра гатэлі. Заходзім на "Букінг": 80% добрых — можна ехаць. А перавозчык хто? Нам патрэбнае будзе падарожжа ў некалькі тысяч кіламетраў — трэба абавязкова цікавіцца, на чым мы едзем. Які аўтапарк? Якія там аўтобусы? Што ў аўтобусе з туалетам? Які кіламетраж? Колькі кіроўцаў? Ці ўсталяваныя ўсе патрэбныя прыборы кантролю кіламетражу? Дзе будуць начлегі? Начныя пераезды — гэта вельмі тонкі момант. Калі група дзіцячая, яны наогул непажаданыя.

Абавязкова глядзіце, што пішуць пра фірму. Ёсць выпадкі, калі групу збірае невядома хто. Бывае, што педагогі самі заказваюць аўтобус. Груба кажучы, сабраліся і паехалі. Што чакаць ад такой паездкі? Потым вы ні ў каго не зможаце запатрабаваць кампенсацыю за сапсаваны адпачынак.

 
Беларускія дзеці, якія пацярпелі ў аўтааварыі. Фота даслала адна з маці

Еўрарадыё: А ці можна прапанаваць турыстычнай кампаніі, каб дагавор падкарэктавалі? Дапоўнілі пунктамі, якіх, на думку кліента, не хапае?

Лілія Кобзік: Дамова тыпавая, але турысты могуць прасіць дапоўніць яе нейкім пунктам. Такое права ў іх ёсць, але турфірма можа і не пагадзіцца. Але, у любым выпадку, асноўныя пункты, у тым ліку назва перавозчыка, там павінны быць. І гэта ваша гарантыя. Калі ўжо з добрым перавозчыкам нешта здарылася па шляху, тады сапраўды проста нельга было нічога зрабіць.

Еўрарадыё: Ці можна загадзя абгаварыць, што ў выпадку аварыі кампанія абавязуецца вярнуць турыстаў дадому і кампенсаваць ім няўдалы адпачынак? Напрыклад, у выпадку з аварыяй у Румыніі некаторыя бацькі абураныя тым, што перавозчык прадугледзеў толькі варыянт з працягам падарожжа. Ці можна было настаяць на выкліку двух аўтобусаў: для тых, хто хоча ехаць адпачываць, і для тых, каму трэба вярнуцца?

Лілія Кобзік: Вядома, цяжка адпачываць у такім стане. Ужо чыста псіхалагічна дзеці падарваныя. Думаю, што можна было б знайсці нейкі кампраміс наконт транспарту. Хацелася б верыць, што кампанія трымае сітуацыю на кантролі.

Шмат што залежыць ад лаяльнасці, мабільнасці турфірмы. Калі частка групы будзе настойваць на дарозе дадому, то беларуская турфірма, баючыся іскаў і нейкай маральнай кампенсацыі, пойдзе насустрач.

Наогул, дзіўная версія пра тое, што кіроўца заснуў за рулём. Не ўночы, а ўвечары... Апошнія некалькі гадоў мы практычна не чулі пра падобныя выпадкі. Гадоў пяць-шэсць таму аўтобусы, якія ехалі ў Балгарыю, Украіну, у нейкія танныя туры ў Расію, ламаліся і ламаліся. Потым сітуацыя як быццам наладзілася. Магчыма, аўтапарк стаў лепш, турфірмы пачалі заключаць дагаворы з больш надзейнымі партнёрамі.

Еўрарадыё: Чым тады можна растлумачыць дзве аварыі з аўтобусамі гэтым летам?

Лілія Кобзік: У першым выпадку быў замяшаны грузінскі перавозчык. Прычым, там цікавая сітуацыя: падпісваючы дамову, турысты на яго падпісаліся. Фірма загадзя паказала ўмовы, на якім аўтобусе людзі паедуць на экскурсію па Грузіі. Тым не менш, аўтобус перавярнуўся. І вось другі выпадак.

Група ехала ў Балгарыю. Такія туры звычайна недарагія. Турыстычныя кампаніі цяпер імкнуцца зрабіць туры таннейшымі. Гэта звязана з канкурэнцыяй: цяпер можна нядорага злятаць кудысьці лоукостам, да таго ж літоўскія перавозчыкі апусцілі ніжэй за плінтус цэны на еўрапейскія туры. І вось перад беларусам выбар: адправіцца ў падарожжа па Еўропе за 300 у.а. ці адправіцца ў Балгарыю. Людзі хочуць зэканоміць — беларускія турфірмы вымушаныя зніжаць кошты на туры. Дзесьці эканоміць за кошт якасці.

Дзіцячыя туры звычайна вельмі кантралююцца — гэта, можна сказаць, традыцыя. У гэтай сітуацыі, натуральна, трэба разбірацца і вывозіць дзяцей туды, куды яны хочуць.

Еўрарадыё: Бацькі маюць права патрабаваць, каб дзяцей вярнулі дадому?

Лілія Кобзік: Вядома, гэта форс-мажор. Наўрад ці ў дамове паказана, што турыстаў абавязаны вярнуць у выпадку нейкай неспадзяванай сітуацыі. Дамова — гэта дакумент аб паслугах, якія прадастаўляе турфірма, і яна спрабуе іх аказаць ў поўным аб'ёме. Там апісана, у якім гатэлі вы будзеце адпачываць, як арганізаванае харчаванне, на якім транспарце паедзеце. Кампанія абавязаная выканаць вось гэтыя ўмовы. А ўсё, што далей за дамову, — пытанне прыстойнасці турфірмы.

Гісторыя са школьнікамі атрымала рэзананс. Цяпер фірма, груба кажучы, павінна выкруціцца з сітуацыі. У нас у краіне, калі справа даходзіць да таварыства абароны правоў спажыўцоў, не дай бог, да суда, як правіла, суд на баку кліента. Звычайна фірмы імкнуцца не даводзіць справу да канфлікту.

Слухаць размову цалкам ніжэй.