Джым Дзінглі: беларускія ўлады ствараюць штучнае грамадства

110815 Mancevich Jingley.mp3

Еўрарадыё: Як сітуацыя ў Брытаніі сёння?

Джым Дзінглі: Цяпер тут спакойна. Парадак цалкам узноўлены не толькі ў Лондане, але і ў іншых гарадах, у якіх былі пратэсты. Відавочна, цяпер усё яшчэ бачныя наступствы пагромаў – спаленыя будынкі, скапленне паліцыі ў некаторых месцах.

Еўрарадыё:У чым, на вашу думку, сапраўдныя прычыны пагромаў, якія адбыліся ў краіне?

Джым Дзінглі: Я думаю, што пратэсты адбыліся, таму што ў нашым грамадстве ўжо даволі доўгі час існуе праблема. Частка насельніцтва, якая не мае ніякіх сувязяў з грамадствам, цалкам адасобленая ад яго, вельмі хутка расце. Я кажу пра падклас, які не працуе, не мае адукацыі, навыкаў, жыве на дапамогу. І ў іх, як яны кажуць, няма будучыні. Гэта могуць бачыць турысты. Калі яны прыязджаюць  у Лондан, яны не едуць у вельмі бедныя раёны, дзе людзі жывуць у вялізных кватэрных блоках.

Еўрарадыё: Ці былі хваляванні ў горадзе, дзе вы жывеце?

Джым Дзінглі: Мае дочкі казалі, што ў Фэйсбуку стваралася група з заклікам абрабаваць мясцовы гандлёвы цэнтр у Маргейце, дзе мы жывем. Але крамы зачыніліся рана і нічога не адбылося.

ЕРБ: За мінулы тыдзень і гэтыя выходныя паліцыя затрымала больш за 2 тысячы чалавек. Хто гэтыя людзі?

Еўрарадыё: Выявілася, што  шмат хто з гэтых марадзёраў паходзіць з забяспечаных сем’яў. У іх ёсць адукацыя, у іх ёсць грошы. Ім не трэба рабаваць крамы, але яны хочуць гэта рабіць. Чаму? Гэта пытанне, якое цяпер усе задаюць. І тут няма простага адказу. Проста ўкладаць больш грошай у адукацыю – гэта не адказ. Палітыкі, здаецца, зусім аддзеленыя ад людзей, якіх яны павінны прадстаўляць у парламенце. Людзі адчуваюць, што ад таго, што яны ставяцца з павагай да закону і палітыкаў, ім няма ніякай карысці. І цяпер ужо ў грамадстве няма павагі да закону і паліцыі.

Еўрарадыё: Што брытанскія ўлады будуць прадпрымаць, каб не дапусціць беспарадкаў у будучыні?

Джым Дзінглі: Улады павінны зрабіць сур’ёзныя скарачэнні на грамадскія выдаткі. Тое, што сёння робяць улады ва ўсіх краінах Еўропы. Такім чынам, паліцыя мусіць згубіць каля 20% грошай, якія на яе выдаткоўваюць, а гэта і скарачэнні афіцэраў. Таму цяпер у прэсе праходзіць думка, што гэтыя скарачэнні трэба абдумаць, каб мець адпаведную колькасць афіцэраў на вуліцах. Я спадзяюся, што сітуацыя будзе падрабязна разгледжаня. Гэта не проста праблема багатых і бедных. Там былі рабаўнікі, якім не патрэбна было нічога. Яны кралі бутэлькі вады з супермаркетаў. І нічога больш. Яны рабілі гэта, бо гэта было магчыма. Гэта таксама не расавае пытанне. Гэта было б вельмі проста – чорныя супраць белых. Але так не было.

Еўрарадыё: Якія прысуды атрымалі марадзёры?

Джым Дзінглі: Прысуды  былі суровымі. Рабаўнікам далі па 6 месяцаў турмы. Некаторыя былі пазбаўленыя выгодаў. Гэта значыць, калі яны жывуць у кватэры, выдадзенай мясцовым саветам, іх высяляюць. Я не ведаю, ці правільна так рабіць, бо гэта можа выклікаць яшчэ большыя праблемы. Куды ім падзецца? Але гэта задавальняе правых палітыкаў і правыя СМІ.

Еўрарадыё: Як так атрымалася, што ў Беларусі за дзве разбітыя шыбы ў Доме Ўраду людзям далі па 6 гадоў турмы, а за разбіты горад у Брытаніі даюць 6 месяцаў?

Джым Дзінглі: Вядома, пакаранні неадпаведныя правапарушэнням. Але ў Беларусі такія неадпаведна жорсткія прысуды былі вынесеныя наўмысна. Прычыны пагромаў не вырашаюцца турмой. Так вырашаецца іншае пытанне. Напрыклад, у Беларусі гэта робіць верагоднасць бунту меншай, бо людзі ведаюць, якога кшталту пакаранні яны атрымаюць. Я думаю, што такое пасланне людзям ад уладаў няправільнае, бо стварае штучнае грамадства. Але, баюся, такі беларускі шлях на дадзены момант.


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі