Дзед пайшоў у дэкрэт, каб нявестка зарабляла грошы (Фота)

Еўрарадыё даведалася пра тое, як у час крызісу выжываюць небагатыя сем’і, дзе нарадзіліся дзеткі.
Арыгінальна вырашылі дэмаграфічную сітуацыю у сям’і Петруковічаў з мястэчка Лагішын Пінскага раёна. Каб пасля нараджэння дзяцей сын і нявестка не патрапілі ў фінансавую прорву, дзед Міхаіл сам выклікаўся пайсці ў дэкрэт з маленькай унучкай Сашанькай. Бабуля Ніна да гэтага пабыла ў дэкрэце са старэйшай унучкай Машанькай.

“Суседзі увесь час бачылі дзеда з калясачкай, спачатку здзіўляліся, - расказвае бабуля Ніна, - а потым прызвычаіліся”.

“Ды што тут дрэннага? Родная кроў”, - уключаецца ў размову дзядуля Міхаіл

Такім чынам, нявестка з раніцы да вечара працуе настаўніцай у пачатковых класах. І замест 190 дэкрэтных тысяч можа зарабляць да 600 тысяч рублёў. Муж Міша не пакладаючы рук працуе кіроўцам бензавозу ў Пінску. Тым часам дзед і бабуля выхоўваюць мілых унучак у дабрыні і хрысціянскай веры. 



“Трэба пяшчота для дзяцей, і прыклад іграе вялікую ролю, - раіць дзед Міхаіл. – Лічу, што сям’я – аснова выхавання. Калі б сям’я, школа і касцёл добра ўзаемадзейнічалі разам, то не было б гэтага жаху, мацюкоў, гарэлкі”.

У сям’і Гарбацэвічаў з вёскі Парэчча Пінскага раёна свая гісторыя выхаду з крызісу. Жонка Ларыса нарадзіла семярых дзяцей. Але сям’ю паставілі на ўлік як недабранадзейную. У той час сямейства жыло на Гомельшчыне. Там жа Гарбацэвічаў напаткала няшчасце – згарэла хата, у якой толькі-толькі зрабілі рамонт. 

Гарбацэвічы пераехалі жыць на Піншчыну ў Парэчча. І тут мясцовыя ўлады самі забралі дзяцей у сацыяльны прытулак, каб бацькі адрамантавалі новую хату і засеялі гарод. 

З выгляду Мікалай Гарбацэвіч і яго жонка Ларыса і блізка не падобныя на “жлуктоў”. Пытаемся, чаму іх у свой час залічылі ў недабранадзейныя. 

“Гэта здарылася да мяне. Усё з-за яе былога мужыка, - кажа Мікалай Гарбацэвіч. – Ён піў, нідзе не працаваў, нічога не хацеў рабіць”. 

За паўгода, пакуль дзеці былі ў сацыяльным прытулку, Мікалай аднавіў хату, засеяў гарод, а ў мясцовым СПК зарэкамендаваў сябе добрым трактарыстам. 



Старшыня мясцовага сельсавета Міхаіл Віркоўскі згодны, што дзяцей можна вяртаць у сям’ю. 

Міхаіл Віркоўскі: “Зрух у лепшы бок ёсць. Прымусілі парадак навесці ў двары, засеялі 10 сотак бульбы, перааралі гарод, дома навялі парадак”.  



Гарбацэвічы пагаджаюцца, што мясцовыя ўлады ім вельмі дапамаглі. Прывезлі дроваў на зіму, паспрыялі ў аднаўленні дакументаў, выдзелілі гуманітарную дапамогу. Толькі ўтрымліваць такую вялікую сям’ю Мікалаю будзе няпроста, бо заробак яго каля 300 тысяч рублёў. 

Мікалай Гарбацэвіч: “Калі я тут толькі прыладзіўся, падрабляў трактары, то выходзіла пад 300 тысяч рублёў у месяц”. 

Разам з сацыяльнай дапамогай на дзяцей, а гэта каля 600 тысяч рублёў у месяц, Гарбацэвічы павінны будуць выжываць з разлікам 100 тысяч рублёў на чалавека.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі