Вы тут

Дваіх мінчукоў асудзілі на 10 сутак за расклейванне ўлётак пра выбары

Мінчукоў асудзілі за расклейванне ўлётак / TUT.by

У Мінску дваіх маладых людзеў затрымалі ўвечары 3 жніўня, калі яны расклейвалі інфармацыйныя ўлёткі пра выбары на інфармацыйныя стэнды. Міліцыя расцаніла дзеянні Аляксея Дзідзенкі і Вікторыі Канюшэнка як дробнае хуліганства. 

Як піша TUT.by, Дзідзенка — інжынер-праграміст. Паводле пратакола міліцыі, яго затрымалі на вуліцы Розы Люксембург. Там ён "сумесна з іншай асобай размясціў на інфармацыйным стэндзе ўлётку інфармацыйнага характару, якая змяшчае рэкамендацыю аб парадку галасавання, чым здзейсніў наўмысныя дзеянні, якія парушаюць грамадскі парадак, якія выявіліся ў відавочнай непавазе да грамадства".

Суд над хлопцам, затрыманым 3 жніўня, адбыўся толькі ўвечары 5 жніўня. Суддзя Тацяна Мотыль зачытала тэкст улёткі: "Зараз ці ніколі, апошні шанец усё змяніць, маўчанне — знак згоды, станьце назіральнікам, калі вам не абыякава". Яна пагадзілася, што гэта дробнае хуліганства і прысудзіла Дзідзенку 10 сутак арышту. 

Вікторыю Канюшэнка затрымалі за такое ж "правапарушэнне": яна расклейвала ўлёткі на інфармацыйных стэндах пад'ездаў. Суд над ёй таксама адбыўся ў другой палове дня 5 жніўня. 

Сяброўка Вікторыі кажа, што да затрымання дзяўчына не была знаёмая з Дзідзенкам.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.