Доктар Плоткіна пракаментавала словы Лукашэнкі пра лекараў

Дар'я Чэхава / svaboda.org
Дар'я Чэхава / svaboda.org

Словы Лукашэнкі пра лекараў вельмі пазабавілі былога тэрапеўта 10-й гарадской клінічнай бальніцы Дар'ю Чэхаву (Плоткіну), якая была вымушана тэрмінова з'ехаць з Беларусі. Яе двойчы выклікалі ў РУУС, а затым паведамілі, што яе справа перададзена ў СК.

"Цытую "Хачу папярэдзіць: нашы лекары патрэбныя нам самім". Мяне гэта вельмі пацешыла, таму што я гатова была працаваць, нікуды не хацела ехаць, і вось я тут",сказала доктар у інтэрв'ю радыё "Свабода".

Яна распавяла, што разам з калегамі рыхтавалася да напружанай працы падчас другой хвалі каронавіруса. І пацыентаў, са слоў яе былых калег, зараз сапраўды больш, але ўрачы ўжо не так разгублены, "больш падрыхтаваны, стацыянар мае прапрацаваныя схемы, як арганізаваць працэс".

Па словах Плоткінай, яна з'ехала яшчэ 3 верасня. Яе двойчы выклікалі ў РУУС. Падчас апошняй размовы ў міліцыі ёй паведамілі, што яе справу перадаюць у СК, і яна вырашыла з'ехаць з краіны.

"Я сама не звальнялася, на гэта не было часу. Да таго ж я малады спецыяліст, і не магу проста так звольніцца. З вялікай доляй верагоднасці мяне звольнілі па артыкуле", — распавядае доктар.

У жніўні яна таксама сутыкалася з людзьмі, што пацярпелі ў РУУС і на Акрэсціна. Іх прывозілі і ў 10-ю бальніцу. Збітыя людзі прыходзілі і самі, каб зафіксаваць пабоі.

"Мяне шакавалі ўсе гэтыя гематомы. Не хапала лінейкі, каб вымераць іх. Гэта было і 50 сантыметраў, і больш. Усё гэта было вельмі жудасна", — кажа Плоткіна.

Напярэдадні Лукашэнка выказаўся наконт лекараў, якія з'ехалі. Ён сказаў, што лішніх дактароў у Беларусі няма, але нікога ў краіне трымаць не будуць. Пры гэтым прыгразіў, што вярнуцца з’ехаўшым будзе праблематычна. "Але трэба разумець: з'ехаў - назад не вернешся. Там будзеш працаваць і зарабляць тыя вялікія грошы, за якімі ты з'ехаў. Гэта не пагроза, гэта загад для ўраду", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі