Вы тут

Дэпутатка прапануе фільтраваць інтэрнэт у Беларусі, як у Кітаі

У Беларусі прапануюць фільтраваць інтэрнэт, як у Кітаі / pixabay.com

Член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па адукацыі, культуры і навуцы Марына Васько прапануе выкарыстаць у Беларусі кітайскі досвед фільтацыі інтэрнэту. Артыкул з яе прапановамі апублікавала газета "СБ. Беларусь сегодня".

Васько адзначае, што 90% моладзі бярэ інфармацыю з інтэрнэту. Таму, маўляў, моладзь, "зазнаўшы інфармацыйнае ўздзеянне дэструктыўных інтэрнэт-рэсурсаў, прыняла ўдзел у пратэстных акцыях"

Дэпутатка прапануе стварыць дзяржаўны "інфармацыйны шчыт" для супрацьстаяння кіберпагрозам. "Кіберпагрозы зараз уяўляюць першарадную небяспеку для нашага грамадства, і нашу краіну проста так у спакоі не пакінуць, гэта адназначна", — заяўляе яна.

За прыклад Васько прапануе ўзяць Кітай і перакрыць заходня сацсеткі і навінавыя сайты. "Яскравы прыклад — праект "Залаты шчыт" у Кітаі. Па сутнасці, гэта сістэма фільтрацыі змесціва інтэрнэту. У "вялікім кітайскім файрволе", як яго называюць, няма месца ні Тwitter, ні Facebook, ні YouTube, ні еўрапейскім навінавым сайтам, ні іншым "небяспечным" з пункту погляду забароненай інфармацыі рэсурсаў. Вядома, ішлі да гэтага доўга: распрацоўваць праект пачалі ў 1998 годзе, а ў эксплуатацыю па ўсёй краіне ўвялі ў 2003-м, і сёння ён удасканальваецца", — кажа дэпутатка.

Па яе словах, цяпер абсалютная большасць кітайцаў "ужо не мае патрэбы ў забароненай інфармацыі, заходнія рэсурсы перасталі цікавіць людзей". Як можна заўважыць, дэпутатка яўна блытае паняцці "не маюць доступу" і "не маюць патрэбы".

Пасля абмежавання інтэрнэту Васько прапаноўвае развіваць уласны кантэнт: "Паралельна са стварэннем такога "інфармацыйнага шчыта" мы можам распрацоўваць уласны патрыятычны кантэнт, навучаць блогераў, выхоўваць новых лідараў меркаванняў. Гэта не хуткі і вельмі затратны шлях, але, па-першае, поспехі ў развіцці той жа КНР відавочныя, а па-другое, нам даражэй гэтага не зрабіць".

Першым з прапановай стварыць аўтаномны беларускі інтэрнэт выступіў у 2020 годзе гомельскі ваенком Андрэй Крываносаў. Былы абамсадар Беларусі ў Кітаі Кірыл Руды ацаніў ініцыятыву так: "Тэхнічна гэта нескладана, я думаю. З іншага боку, ёсць звычка дзяржорганаў і людзей, якія прымаюць такія рашэнні. Абмежавацца толькі беларускім рэсурсамі будзе складана. Так што верагоднасць малая".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.