Вы тут

Дэмсілы паступова руйнуюць ілюзію легітымнасці Лукашэнкі ў вачах ЕС

Аляксандр Лукашэнка / YAUHEN YERCHAK/PAP/EPA

Беларусі трэба рыхтавацца да ўступлення ў Раду Еўропы — прынамсі, пра гэтую мэту кажа Святлана Ціханоўская. Якія праблемы, актуальныя для беларускага парадку дня, ужо цяпер могуць вырашаць дэмсілы на еўрапейскім узроўні?

— Гэта падтрымка праваабаронцаў, грамадзянскай супольнасці, падтрымка намаганняў па выбудоўванні сістэмы мясцовага кіравання. Гэта тое, што нам спатрэбіцца ў будучым, — расказвае ў эфіры Еўрарадыё кіраўнік Кабінета прадстаўнікоў Святланы Ціханоўскай Валерый Кавалеўскі. — Усе гэтыя інстытуты будуюцца не за адзін дзень. Працуючы ў Радзе Еўропы, можна рыхтавацца да будучага менавіта сёння.

У якім статусе беларуская дэлегацыя будзе прысутнічаць у Радзе Еўропы?

— Гэта вельмі тонкае пытанне, — працягвае Валерый Кавалеўскі. — Беларусь пазбавілі статусу запрошанага госця. Цяпер мы бачым магчымасць таго, каб атрымаць гэты статус. Гэта будзе ўскосным, але вельмі важным прызнаннем з боку міжнароднай структуры дэмакратычных сілаў Беларусі і Святланы Ціханоўскай як лідара дэмсілаў. Гэта тое, над чым мы працуем.

Мы сустрэліся фактычна з 200 [еўрапейскімі] дэпутатамі для таго, каб давесці сваю пазіцыю. Давесці перакананне ў тым, што менавіта сёння неабходна рабіць смелыя, рашучыя крокі, якія пакажуць сапраўдны расклад сіл. Тое, што Лукашэнка згубіў легітымнасць, што ён больш не дбае пра інтарэсы народа, — вось гэтымі справамі зараз усё больш і больш займаецца Святлана Ціханоўская.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.