Дэкларацый на беларускай мове на мытнях яшчэ няма

І гэта нягледзячы на тое, што мытнікі прызналі свой промах і нават паведамілі, быццам праблем ужо не існуе. “Я думаю, што як толькі яны на мытні з’явяцца – яны мне адразу прапануюць іх запоўніць. Таму што зараз мне ўжо наогул не прапануюць запаўняць дэкларацыі”, — кажа гамяльчанін Сяргей Сямёнаў, якому ўсё яшчэ пагражае штраф за адмову запаўняць дэкларацыю, надрукаваную на рускай мове.

Сяргей ужо быў аштрафаваны амаль на мільён рублёў з той жа самай прычыны. Нягледзячы на тое, што Канстытуцыйны суд запатрабаваў ад чыноўнікаў паважаць дзяржаўную мову, папярэдні штраф з хлопца ніхто не здымаў, прабачэння не прасіў. Па словах Сяргея, ён прынцыпова грошы выплочваць не будзе:

“Я не плаціў і плаціць не збіраюся”.

Тым часам намеснік начальніка ўпраўлення Дзяржаўнага мытнага камітэту Беларусі Уладзімір Пехцераў у інтэрв’ю радыё “Свабода” сцвярджаў, што беларускамоўныя дэкларацыі цяпер маюць усе мытні.

Сяргей Сямёнаў апошні раз перасякаў украінскую мяжу два дні таму. Па ягоных словах, беларускіх дэкларацый там не з’явілася. Але нейкія змены ўжо адбыліся. Пакуль на мытні няма беларускіх дэкларацый, Сяргею Сямёнаву наогул дазваляюць пазбягаць працэдуры іх запаўнення.

Еўрарадыё вырашыла даведацца, ці ёсць дэкларацыі на беларускай мове на іншых мытных пунктах. На прапускным пункце “Варшаўскі мост” вы зможаце атрымаць дэкларацыю на польскай, рускай, ангельскай, нямецкай і нават італьянскай мовах, а вось беларускага варыянту пакуль не існуе. Мы вырашылі інсцэніраваць выпадак з Сяргеем Сямёнавым, прыкінуўшыся чалавекам, які не разумее рускай мовы. Уразіла тое, што мытнікі адказвалі нам на добрай беларускай мове і абяцалі дапамагчы:

-Калі я буду ехаць праз ваш пункт у Варшаву, ці змагу я запоўніць дэкларацыі на беларускай мове? Бо я чула, што былі выпадкі, калі на іншых мытных пунктах штрафавалі за патрабаванне беларускіх бланкаў. Ці ёсць у вас такія бланкі?

-Бланкі? Не, пакуль няма. Але плануюцца. Пакуль яшчэ не паступілі.

-А калі ў мяне з рускай мовай вельмі дрэнна?

-Не валодаеце рускай мовай?

-Ну амаль. Валодаю, але не так, каб добра. А на якіх мовах у вас яшчэ ёсць дэкларацыі?

-На польскай, на італьянскай, нямецкай, англійскай.

-А калі плануюць з’явіцца бланкі на беларускай мове?

-Я не магу вам сказаць калі. Пакуль што ў нас на посце я іх не бачыў. Узоры, як запаўняць, пераклалі на беларускую мову, а саміх бланкаў пакуль няма.

-Ага, то бок мне могуць даць беларускамоўныя узоры?

-Вядома! Як вы не валодаеце рускай мовай, то вам дадуць беларускі ўзор і нават падкажуць. У нас супрацоўнікі валодаюць і рускай, і беларускай мовамі! Мы вам дапаможам!

-Дзякуй вам вялікі. Значыцца, я магу спакойна праз вас ехаць?

-Канешне, не хвалюйцеся, едзьце спакойна, мы вам ва ўсім дапаможам, калі будзе патрэбна, дамо вам дэкларацыю і распавядзем, як і дзе што запаўняць.

Фота — www.zonasezona.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі