Датэрміновае галасаванне змяншае рэйтынг таго, за каго прасілі галасаваць

...Калі яно гэтыя лічбы павялічвае, узнікаюць пэўныя пытанні, – лічыць спецыяліст ў выбарчым заканадаўстве Сяргей Альфер. Еўрарадыё разам з экспертам падвяло вынікі выбарчай кампаніі. Сёння мы можам бачыць карціну выбарчай кампаніі цалкам. Калі паглядзець на ўсе яе этапы – як бы вы яе ахарактарызавалі? На працягу ўсёй кампаніі часта гучала тое, што яна праходзіць больш ліберальна, чым кампанія 2006 года, але ў выніку АБСЕ не прызнаў выбары свабоднымі і дэмакратычнымі.

Сяргей Альфер: Выбары з самага пачатку адрозніваліся ад тых, што былі ў 2001 або 2006 гадах. У першую чаргу тым, што пачатак выбараў быў досыць ліберальным. Улады зарэгістравалі ўсе ініцыятыўныя групы, якія адпавядалі заканадаўству, далі магчымасць абсалютна спакойна праводзіць збор подпісаў. Раней такога не было.

Ліберальным аказаўся Мінск, пасля да яго падцягнуліся рэгіёны. Людзі перасталі баяцца аддаваць свае подпісы. Больш за тое, пасля гэтага цэнтральная камісія зарэгістравала ўсіх, хто падаў больш за 100 тысяч подпісаў. Па маім асабістым меркаванні, тых, хто сапраўды назбіраў 100 тысяч подпісаў, было не больш за чатыры. Але ЦВК аказалася больш ліберальнай, чым я, таму зарэгістравала ўсіх.

Чаму яны гэта рабілі?

Магчыма, лічылі, што чым больш кандыдатаў, тым больш размыты будзе пратэстны электарат дзеючага прэзідэнта, або кіраваліся тым, што калі хочаш удзельнічаць у выбарах, дык удзельнічай… Пра прычыны трэба ўсё ж такі пытаць у цэнтральнай камісіі. Тым не менш, 10 кандыдатаў былі зарэгістраваныя.

Далей адбылося прыкладна тое ж самае, што было і падчас збору подпісаў. Мінск аказаўся самым ліберальным горадам. Былі вызначаныя месцы, дзе можна было праводзіць агітацыю – было вельмі мала месцаў, дзе было забаронена гэта рабіць. У рэгіёнах спачатку было амаль усё забаронена, кандыдатам былі выдзеленыя месцы, якія ў народзе называюць “сабачатнікамі”, дзе не бывае выбаршчыкаў… Але зноў такі мясцовыя ўлады паправіліся, і магчымасць праводзіць агітацыю з’явілася і ў рэгіёнах.

Наколькі актыўна кандыдаты ў прэзідэнты выкарыстоўвалі гэтую магчымасць?

Мне здаецца, што не так актыўна, як маглі б. Гэта звязана з чалавечым рэсурсам і фінансавымі магчымасцямі, якія былі ў кандыдатаў у прэзідэнты.

Тым не менш, можна сказаць, што гэта выбарчая кампанія праходзіла дастаткова ліберальна. Кандыдаты атрымалі магчымасць выступаць па тэлевізары і па радыё. Больш за тое, гэтыя выступы не рэцэнзаваліся – кожны мог сказаць тое, што хацеў. Але ў гэтай агітацыйнай кампаніі ёсць невялікія нюансы.

Па-першае, далёка не ўсе кандыдаты ў прэзідэнты змаглі надрукаваць свае агітацыйныя ўлёткі. Некаторыя кандыдаты скардзіліся, што друкарні або адмаўляліся гэта рабіць, або бралі ў друк, але пасля ў іх ламалася абсталяванне... У гэтым накірунку кампанія для мяне была абсалютна нецікавай. Я амаль не ўбачыў яскравых перадвыбарчых улётак. У маёй паштовай скрыні, з 10-ці кандыдатаў я змог знайсці толькі тры ўлёткі – ад Раманчука, Саннікава і Лукашэнкі.

І другое. Той час, які прыйшоўся на выступы, скончыўся 4 снежня. Пасля 4 снежня пра кандыдатаў па электронных СМІ гаварылі або дрэннае, або нічога не казалі. Дамінаваў толькі адзін кандыдат – Лукашэнка.

Зразумела, што быў выкарыстаны адміністратыўны рэсурс, каб у апошнія дні павялічыць рэйтынг дзеючага прэзідэнта. І каб як мага менш рос рэйтынг тых кандыдатаў у прэзідэнты, якія супрацьстаялі Лукашэнку. На самой справе, такое, зразумела, у дэмакратычнай краіне рабіцца не можа.

Гэта было новае. А што было як заўжды?

Як заўжды было фарміраванне выбарчых камісій.

Сёлета там было трошку больш прадстаўнікоў ад апазіцыйных палітычных партый, чым на папярэдніх выбарах…

Гэта можна параўнаць з тым, што ў шклянку вады раней дадавалі адну кроплю лекаў, а цяпер дадалі тры. Калі гэтыя лекі вельмі слабыя, то ні адна, ні тры кроплі дзейнічаць не будуць. Тут патрэбна, каб, прынамсі, траціна шклянкі была запоўнена лекамі. Тады можна пра штосьці казаць.

Камісіі былі сфармаваныя такім самым чынам, як і раней. Амаль увесь іх склад у пэўнай ступені залежаў ад мясцовых альбо цэнтральных органаў улады. Працэс уключэння з боку ўладаў суправаджаўся парушэннямі выбарчага заканадаўства. Гэта сведчыць пра тое, што камісіі маглі выкарыстоўвацца для адміністратыўнага рэсурсу. Праўда, хачу сказаць, што калі б апазіцыйным палітычным структурам далі поўную волю (у што я не веру), баюся, што яны ўсё адно змаглі б падаць не больш за 3-5% сваіх прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі.

Пытанне таксама з адкрытасцю галасавання
. Тут ёсць дастаткова вялікая колькасць скаргаў, заключэнні назіральнікаў ад АБСЕ, якія таксама пацвердзілі, што падлік галасоў у сваёй большасці быў закрытым і праводзіўся з парушэннем працэдур.

Па-першае, было вызначана, што мяняліся пячаткі на скрынях для датэрміновага галасавання. Відавочна, што гэта рабілася не для таго, каб паставіць лепшую… Другое, што адзначалася, – гэта непразрыстасць падліку галасоў. Большасць міжнародных назіральнікаў не маглі бачыць, якім чынам падлічваюцца галасы. Тое самае рабілася ва ўсе гады пасля 1996-га.

Так, назіральнікаў заўсёды імкнуліся пасадзіць далей ад сталоў, яны не маглі як мае быць назіраць за падлікам галасоў. Але каб настолькі шмат было выпадкаў, калі камісія проста зачынялася ў асобным пакоі і там лічыла галасы…

Для падліку галасоў камісіі ў сваёй большасці пераходзяць у іншы пакой. Там ужо загадзя ўсё падрыхтавана, там ужо стаяць сталы, каб іх не трэба было перастаўляць… Як у 2006-м годзе, так і сёння ёсць пытанне з назіральнікамі. Дастатковая вялікая колькасць назіральнікаў была проста выдаленая з участкаў для галасавання.

Гэта пытанне выбарчага заканадаўства – у нас у выбарчым кодэксе калегіяльнасць прадугледжана толькі для цэнтральнай камісіі. Для ўсіх астатніх камісій адзін з асноўных прынцыпаў правядзення выбараў (калегіяльнасць) не прадугледжана. Затое прадугледжана права старшыні выбарчай камісіі прымаць самастойнае рашэнне выдаляць назіральніка з тэрыторыі выбарчага ўчастка.

Гэта можна рабіць абсалютна нематывавана. У законе прадугледжана тлумачэнне “ён мне перашкаджае”. А што такое перашкаджае? Сядзіць не так, вочы не туды глядзяць, не так апрануты і г.д. Усё ж гэта перашкаджае, і абскардзіць гэта амаль не магчыма. “Ён мне перашкаджаў”... Гэты артыкул прапісаны ў выбарчым кодэксе. Зразумела, што яны гэтым карыстаюцца. Назіральнікаў выдаляюць з любой нагоды, каб зручней працавалася выбарчай камісіі. Зручней – не значыць больш законна.

Тое ж самае тычыцца і СМІ? Іх таксама могуць выдаліць з такой нагоды…

Так, прадстаўнікі СМІ маюць тыя самыя паўнамоцтвы, што і назіральнікі. Яны амаль прыраўноўвацца да назіральнікаў. Ім таксама нельга перашкаджаць працаваць выбарчай камісіі. А што такое “не перашкаджаць” – гэта, паўтаруся, персанальнае меркаванне старшыні выбарчай камісіі.

Калі параўноўваць з 2006-м годам, сёлета падлік галасоў прайшоў з большымі ці меншымі парушэннямі?

Трэба дачакацца, калі будзе надрукаваны маніторынг, які зрабілі праваабарончыя структуры. Мне ж здаецца, што з 2006 да 2010 года амаль нічога не змянілася. Для таго, каб штосьці змянілася, тут патрэбна нават не змена выбарчага заканадаўства, а змена мыслення тых людзей, якія знаходзяцца ва ўчастковых выбарчых камісіях...

Мне здаецца, што не столькі паступаюць зверху указанні штосьці рабіць, колькі выбарчыя камісіі на месцах працуюць так, як працавалі раней. Так ім зручней, спакайней, так іх ніхто чапаць не будзе… Змяніць гэту сітуацыю можна будзе толькі ў тым выпадку, калі выбарчыя органы будуць плюралістычнымі. У іх складзе абавязкова павінны быць прадстаўнікі ўсіх палітычных сілаў, якія існуюць у дзяржаве. Выбарчыя камісіі будуць працаваць нашмат больш празрыста і законна, калі будзе ўнутраны кантроль.

Калі ўлады так упэўненыя ў сваёй перамозе, я не бачу ніякай праблемы, каб у выбарчых камісіях было хоць 100% апазіцыі.

А што тычыцца датэрміновага галасавання? Сёлета зноў шмат людзей галасавалі загадзя…

Так, у гэты год, як і ў папярэднія выбары суправаджаліся арганізаваным датэрміновым галасаваннем. Для мяне, як спецыяліста ў выбарчай галіне, незразумела – навошта выганяць людзей на датэрміновае галасаванне?

Тым больш, што наш чалавек дастаткова спецыфічны. І калі людзей прымушаюць ісці на датэрміновае галасаванне і кажуць ім яшчэ за каго галасаваць, то наш чалавек прыходзіць і галасуе не так, як яму загадалі. Калі сыходзіць з гэтага, то датэрміновае галасаванне павінна зменшыць рэйтынг таго кандыдата, за каго парэкамендавалі галасаваць. У выпадку, калі яно гэтыя лічбы наадварот павялічвае – узнікаюць пэўныя пытанні.

Сацыялогія ў іншых краінах паказвае, што вынікі на датэрміновым галасаванні і ў дзень галасавання не істотна адрозніваюцца. Яны могуць адрознівацца на 1-2%. Я не думаю, што ў Беларусі па-іншаму. І калі вынікі датэрміновага галасавання 99% за аднаго кандыдата, а ў дзень галасавання 50-60%, то гэта можа сведчыць пра тое, што датэрміновае галасаванне трошку пасунулі ў пэўны бок.

На вялікі жаль, сам прынцып правядзення выбараў пастаўлены такім чынам, што ніводны з бакоў не можа ні даказаць, ні абвергнуць тое, ці былі сфальсіфікаваныя выбары. Але тое, што выбары былі несправядлівымі – гэта на самой справе так. Парушаліся асноўныя міжнародныя прынцыпы правядзення выбараў.

Як вы мяркуеце, якія рэальныя вынікі гэтых выбараў? І ці нашмат яны адрозніваюцца ад афіцыйных?

Мне вельмі цяжка меркаваць. На сённяшні дзень няма інфармацыі, якой можна на 100% давяраць. 79% падтрымкі дзеючага прэзідэнта – гэта вельмі вялікая лічба пры 10-ці кандыдатах, а асабліва ва ўмовах крызісу, калі ў Беларусі насельніцтва адчувае сябе не вельмі камфортна. З іншага боку, мы маем афіцыйныя лічбы ад трох сацыялагічных арганізацый… І яны амаль такія самыя. Трэба пачакаць, калі будуць вынікі апытанняў незалежных сацыялагічных структур, якім бы я мог давяраць.

Падводзячы вынік можна сказаць, што кампанія пачыналася больш -менш дэмакратычна, прынамсі, нашмат больш дэмакратычна, чым у 2006-м годзе. Але чым далей, тым менш дэмакратычным рабіўся працэс. Фарміраванне камісій, датэрміновае галасаванне, сам падлік галасоў… І ўсё гэта скончылася сумнымі падзеямі з разгонам людзей, якія прыйшлі сказаць, што яны не згодныя з афіцыйнымі вынікамі… Што такі разгон можа казаць пра выбарчую кампанію 2010?

Мне здаецца, што тое, што адбылося ўвечары 19 снежня – абсалютна неапраўданыя акцыі сілавых структур. Людзі, якія сабраліся на плошчы, падаўляючая большасць, прыйшла мірна сустрэцца з кандыдатамі ў прэзідэнты. На вялікі жаль, гэты жорсткі разгон стаў для нашай краіны вельмі цяжкім выпрабаваннем. Зразумела, што нашы адносіны з усімі іншымі краінамі-суседзямі адкінуты на некалькі гадоў назад.

Дзейнасць дзяржаўных і недзяржаўных структур, што была накіраваная на тое, каб уключыць Беларусь у больш актыўнае міжнароднае супрацоўніцтва як з Усходам так і Захадам, сёння адкінутая на некалькі гадоў назад. Патрэбныя вельмі вялікія намаганні, каб тыя людзі, хто хацеў быць нашымі партнёрамі, пачалі працаваць наноў з нашай краінай.

На вялікі жаль, гэта ўсё у большай ступені паўплывае не на тых людзей, якія знаходзяцца зараз пры ўладзе – яны з вялікімі грашыма і добра сябе адчуваюць – а на большасць насельніцтва Беларусі, якія адчуюць па сваёй кішэні дрэнныя адносіны з нашымі краінамі суседзямі. Мне здаецца, што ўраду Беларусі патрэбна прыкласці вельмі вялікія намаганні, каб выправіць гэту сітуацыю.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі