Дар'я Домрачава зняла фільм пра біятлон і пра Беларусь (відэа)

Прэм'ера стужкі "Дар'я Домрачава. Прадстаўляючы Беларусь", які біятланістка здымала цягам двух гадоў, адбудзецца ўжо ў снежні. "Апошнім часам мяне часта можна было бачыць з відэакамерай у руках. І сёння, вельмі незаўважна для мяне, я наздымала больш за 500 гадзінаў відэаматэрыялу, 52 хвіліны з якіх, самых яркіх і цікавых, я і хачу падарыць ВАМ!" — паведаміла Дар'я.

Здымкі фільма вяліся ў 10 краінах свету. На прагляд матэрыялу спатрэбілася 8 месяцаў, яшчэ больш за паўгода доўжыўся мантаж. Рэжысёрам стужкі стаў Макс Субоцін, выпускнік майстэрні Міхаіла Пташука і малады чалавек Дар'і Домрачавай. Вытворчасцю фільма займалася "Студыя братоў Субоціных".

“Гэта фільм пра Дар’ю Домрачаву, ад дзяцінства да алімпійскага п’едэсталу, — распавёў Еўрарадыё Макс Субоцін. — Шлях спартсмена, але ў кантэксце таго, што за спартсменам стаіць яго краіна”.

Ужо два гады Дар’я вандруе па свеце з відэакамерай. Па словах Макса Субоціна, больш за палову кадраў фільма яна зняла сама. Стужка прэзентуе погляд біятланісткі на яе няпростую кар’еру, на жыццё ў камандзе і на вялікі спорт знутры. Кадры аздобленыя улюбёнай музыкай біятланісткі. У адной з анкет Домрачава пазначыла, што гэта музыка ў стылі house, але…

“…вядома ж, трэкаў у стылі house там няма. Відаць, Дар’я казала гэта пра танцавальную музыку, пра танцы. У фільме недзе 15 кампазіцый, ад Rihanna да Moby, ад Шчадрына да Алімпійскіх гімнаў. Вельмі шмат музыкі, якая стварае настрой”, — дадае Макс Субоцін

Домрачава, якая апошнімі днямі ў Фінляндыі рыхтавалася да пачатку біятлоннага сезона, фільма яшчэ не бачыла. Першыя прагляды адбудуцца на пачатку лістапада. А пакуль што гатовы кароткі трэйлер стужкі. У ім Дар'я бяжыць трэніровачны крос, трымаючы камеру ў руках.

"Гэта 30-я хвіліна кросу ў пад'ём! Ужо не хочацца ні размаўляць, ні спаць... Арганізм патрабуе літасці!"



Па словах трэнера Дар’і Домрачавай Адрыяна Цыбульскага, хобі спартсменкі не перашкаджае ёй рыхтавацца да хуткіх стартаў:

“Вядома, не перашкаджае. У яе малады чалавек, рэжысёр. Максім Субоцін, калі чулі. Вось яны разам і робяць нешта… Даша любіць сябе рэкламаваць, пра сябе здымаць. І ўвогуле сябе любіць”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі