Даручэнні Лукашэнкі не выконвае і сам Лукашэнка

Даручэнні Лукашэнкі не выконвае і сам Лукашэнка

У аўторак, 14 жніўня, падчас нарады ў Оршы Аляксандр Лукашэнка адным сказам вырашыў лёс міністра прамысловасці Віталя Воўка, міністра архітэктуры і будаўніцтва Анатоля Чорнага і старшыні Аршанскага райвыканкама Аляксандра Пазняка.

“Воўка, Чорнага ― тэрмінова адправіць у адстаўку!” ― катэгарычна запатрабаваў кіраўнік краіны.

Прайшло два дні ― ці выкананае даручэнне Аляксандра Лукашэнкі? Найперш тэлефануем у прыёмную міністра прамысловасці і цікавімся, ці працягвае ён выконваць свае абавязкі.

― Так! ― бадзёрым голасам адказвае сакратар міністра.

Еўрарадыё: Я так разумею, што ніякага загада на конт звальнення Віталя Міхайлавіча не было?

― Не! ― Гэтак жа бадзёра чуем у адказ.

Дарэчы, як стала вядома Еўрарадыё, сёння ў міністэрстве збіраецца працоўная група, якая будзе выпрацоўваць прапановы наконт лепшага будучага айчыннай прамысловасці. Каб потым тыя прапановы пакласці на стол кіраўніку краіны. Ці будзе ў працы браць удзел міністр Воўк, дакладна не вядома.

А як пачуваецца міністр архітэктуры і будаўніцтва Анатоль Чорны, ці ёсць ён сёння на працы?

― Сёння ― ёсць, ― адказваюць Еўрарадыё у прыёмнай міністра.

Але ад адказаў на любыя іншыя пытанні адмаўляюцца.

А вось у Аршанскім райвыканкаме новы старшыня. Без затрымак кіраўнік прэзідэнцкай адміністрацыі Наталля Качанава прадставіла супрацоўнікам новага кіраўніка ― былога старшыню Камітэта па архітэктуры і будаўніцтву Віцебскага аблвыканкама Ігара Ісачанку.

Чаму так ― міністры працягваюць працаваць на ранейшых пасадах, а старшыня райвыканкама звольнены? У прыёмных міністраў сітуацыю тлумачаць проста: не было адпаведнага загаду аб вызваленні ад пасады, які мусіць падпісаць кіраўнік краіны.

І сапраўды, на прававым партале, дзе публікуюцца ўсе афіцыйныя дакументы, ніякіх загадаў наконт лёсу згаданых міністраў няма. Там ўвогуле дзіўная сітуацыя: ёсць загад №310 ад 8 жніўня, а наступны ― №315 ад 15 жніўня. Пяць указаў некуды “зніклі”. Ну, ці нам іх вырашылі не паказваць.

Сітуацыю з прызначэннем Ігара Ісачанкі замест Аляксандра Пазняка нам тлумачаць у аддзеле кадраў Аршанскага райвыканкама.

― Такія загады не выкладваюць (у адкрыты доступ, ― Еўрарадыё), гэта кадравы дакумент, ― кажуць у аддзеле кадраў.

― У выпадку са старшынёй райвыканкама гэты кадравы дакумент падпісваецца кіраўніком краіны?

― Не. Аблвыканкамам.

Атрымліваецца, што чыноўнікі на месцы даручэнне кіраўніка краіны выканалі ў максімальна кароткі тэрмін ― цягам аднаго дня. А вось даручэнне Аляксандра Лукашэнкі, выкананне якога залежыць ад самога Аляксандра Лукашэнкі, пакуль так і застаецца нявыкананым.

P.S. Увечары 16 жніўня стала вядома, што кіраўнік дзяржавы ўсё-ткі падпісаў указ аб звальненні міністраў будаўніцтва і прамысловасці. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі