Вы тут

Дармаедамі будуць тыя, хто не працуе у ЕАЭС: аперацыя "Паскрабем па засеках"

Пратэсты супраць дэкрэта аб "дармаедах" ў 2017 годзе / DELFI

Улады прыдумалі яшчэ адзін спосаб папоўніць казну і пакараць эмігрантаў. Стаць "дармаедам" можна ўсяго за 30 дзён, калі вы з'ехалі за мяжу і нават знайшлі працу па-за краінамі ЕАЭС. Гэта вынікае з пастановы Саўміна №166 ад 25 сакавіка.

"Дармаедаў" у Беларусі караюць стаадсоткавай аплатай камуналкі. Да змен людзі, якія працуюць у іншых краінах, маглі даслаць у падатковую дакументы, якія пацвярджаюць працаўладкаванне, і не плаціць камуналку па поўным тарыфе. Цяпер замежжам, дзе ёсць праца, улады сталі лічыць толькі краіны ЕАЭС.

Тэрмін 30 дзён таксама значна набліжае тых, хто з'ехаў, да "дармаедства". Раней, каб трапіць на заметку да Мінпрацы, трэба было не працаваць 183 дні ў годзе.
 

Зімой давядзецца плаціць вялікую камуналку

Сочаць за тымі, хто выехаў, ужо з 1 сакавіка. Калі вы з'ехалі больш чым на 30 дзён і не вярнуліся, памежнікі паведамяць пра гэта ў Мінпрацы.

Пратэсты супраць дэкрэта, пасля якога у Беларусі з'явіліся "дармаеды" / Еўрарадыё

Сэнс у тым, што, нават калі вы дзесьці там працуеце і плаціце падаткі, гэта не вызваляе вас ад выплаты камуналкі па поўным тарыфе, — кажа акадэмічная дырэктарка BEROC Кацярына Барнукова.

Колькі ж давядзецца пераплачваць эмігрантам? Беларусы аплачваюць каля 83% сабекошту камунальных паслуг, расказаў у канцы 2021 года міністр ЖКГ Андрэй Хмель. Па звестках міністра, да гэтага часу людзі аплачвалі па сабекошце амаль усе паслугі ЖКГ, акрамя ацяплення і падагрэву вады. Значыць, павінны падаражэць менавіта гэтыя дзве паслугі на адсутныя 17%.

Аднак да разлікаў міністэрства ёсць пытанні.

Пра 83 адсоткі аплаты камуналкі дрэнна верыцца, бо розніца ў рахунках за поўную камуналку і няпоўную намякае, што там не 83 адсоткі. Яны, мабыць, глядзяць на нейкія ўсярэдненыя кватэры. Не вельмі зразумела, як вылічваюць лічбу.

Ва ўсіх асаблівая ўвага на рахункі ў зімовыя месяцы, а па ацяпленні разрыў самы вялікі. Гаворка па ацяпленні ідзе ні пра якія не 83 адсоткі, а каля 20 адсоткаў пакрыцця, — кажа Кацярына Барнукова.
 

Трэба знайсці грошы і не раззлаваць людзей

Вялікіх грошай гэта бюджэту не прынясе, лічаць апытаныя эксперты.

Падвышэннем камуналкі бюджэту не дапамагчы / Еўрарадыё

Гэта аперацыя пад кодавай назвай "Паскрабем па засеках", якая працягваецца з канца 2020 года. Ураду зверху спусцілі, што мы жывём у крызісны час, трэба эканоміць і кожны павінен сэканоміць на месцах, — кажа старшы навуковы супрацоўнік BEROC Леў Львоўскі. — Цяпер гэта выглядае яшчэ смяшней. Праблемы ў краіны на мільярды, а яны шукаюць, дзе сэканоміць мільён. Гэта не рэформа ў тым плане, што нешта павінна палепшыцца або быць больш справядлівым хоць бы на думку ўрада. Яны проста адшукваюць сродкі "ну яшчэ 50, яшчэ 100 рублёў".

Трэба знайсці грошы і пры гэтым не павялічыць незадаволенасць беларусаў, адзначае эксперт. Таму для падвышэння падаткаў апошнім часам выбіралі або тых, у каго грошай павінна быць больш, або тых, хто не можа паскардзіцца.

У 2020 годзе падвышаліся падаткі на гульнявую дзейнасць, на паркінг, у айцішнікаў паднялі трохі падаткі. Потым паднялі падаткі для ўладальнікаў кватэр. Цяпер новая ідэя. Тыя, хто з'ехаў, дакладна скардзіцца не могуць. І яны, напэўна, лепей зарабляюць у іншых краінах. Таму давайце з іх таксама возьмем больш грошай.

З часам разрыў паміж пакараннем "дармаедаў" і нармальнасцю для ўсіх будзе скарачацца. Бо ўлады даўно плануюць прыйсці да стаадсоткавага пагашэння кошту камуналкі ўсімі жыхарамі Беларусі.

Да змен па поўным тарыфе за камуналку плацілі беларусы, якія не працуюць, і тыя, у чыіх кватэрах ніхто не прапісаны. Цяпер выключэнні дзейнічаюць для тых, хто паехаў за мяжу на лячэнне, дыпламатаў і работнікаў ЕАЭС. Усім трэба папярэджваць пра ад'езд ЖКГ і падаваць пацвярджальныя дакументы.

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.