Дапамога медыкаў спатрэбілася як мінімум 13 затрыманым на пратэстах

Сілавікі на акцыі пратэсту ў адным з раёнаў Мінска / "Наша Ніва"
Сілавікі на акцыі пратэсту ў адным з раёнаў Мінска / "Наша Ніва"

Па розных дадзеных ад 13 да 14 чалавек забралі хуткія ў мінулую нядзелю з РУУС або міліцэйскіх машын.

Інтэрнэт-рэсурс "Спісы затрыманых" піша пра 14 грамадзян, якім спатрэбілася дапамога медыкаў, пазбаўлены рэгістрацыі праваабарончы цэнтр "Вясна" паведамляе аб 13.

У большасці выпадкаў гэта мужчыны. Іх забіралі з РУУС і везлі ў Бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі. Але ёсць у спісе і адна жанчына — Алена Купцэвіч, медыкі забралі яе з Партызанскага РУУС у Мінскую абласную клініку.

Сярод затрыманых, якіх у міліцыі забралі медыкі, апынуўся і Ягор Камісараў. Яго затрымалі недалёка ад Лагойскага тракту. Ён ішоў з жонкай з крамы. Мужчына зрабіў заўвагу сілавікам, якія збівалі хлопца. У выніку сам апынуўся ў бусе.

"Я казаў, каб мяне не білі, таму што ў мяне толькі што была аперацыя на сэрцы. Але, як я зразумеў, гаварыць з імі бессэнсоўна", распавёў мужчына "Нашай Ніве". Ён пачаў губляць прытомнасць, чуў, як сілавікі абмяркоўвалі, што ад яго "трэба пазбавіцца". Прыйшоў у сябе ўжо ў машыне хуткай дапамогі.

Медыкі дыягнаставалі ў яго ЧМТ і ўдары. Але ад шпіталізацыі ён адмовіўся.

Усяго ў спісе затрыманых на пратэстах у нядзелю, складзеным праваабаронцамі, больш за 370 прозвішчаў.

У нядзелю ў Менску прайшла традыцыйная акцыя пратэсту пад назвай "Марш супраць фашызму". У гэты раз удзельнікі не імкнуліся сфармаваць адну калону, збіраліся ў сваіх раёнах. Масавыя акцыі прайшлі ў розных частках горада. Сілавікі адказалі на іх затрыманнямі, у тым ліку з прымяненнем спецсродкаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі