Да 2019 года ў Брэсце плануюць адбудаваць гістарычны цэнтр (фота)

Афіцыйная газета “Вячэрні Брэст” падае, што на пазачарговым пасяджанні аблсавета абмеркавалі канцэпцыю адбудовы гістарычнага цэнтра Брэста, знішчанага з загаду расійскага цара Мікалая І ў 30-ыя гады XIX ст.
Тады на месцы гістарычнага Берасця была ўзведзеная гіганцкая крэпасць, а сам горад перанесены за некалькі кіламетраў. На месцы крэпасці да разбурэння былі плошча Базыльянаў з уніяцкай царквою, Свята-Мікалаеўская царква (дзе ў 1596 г. была падпісана берасцейская царкоўная Ўнія), калегіум Езуітаў.

Крэпасць улады збіраюцца пакінуць, а горад адновяць у маштабах 1:5 на тэрыторыі Валынскага і Кобрынскага ўмацаванняў крэпасці, плошча якіх складае 48 гектараў. На тэрыторыі Валынскага ўмацавання знаходзіўся драўляны замак горада, комплекс кляштараў бернардынак і бернардынцаў.

Кляштар бернардынак — адзіны помнік старажытнага горада, які часткова захаваўся. Паводле архітэктара Міхаіла Гайдуковіча, самай складанай задачай стане адбудова сярэднявечнага каменна-драўлянага замка, з карчмой, водным млынам і броварам. На Кобрынскіх умацаваннях плануецца збудаваць комплекс народных рамёстваў “Горад майстроў”, Нацыянальны тэхнічны музей, музей абароны, гатэльны комплекс.



Да Кобрынскай брамы будзе працягнута вуліца Гогаля, таксама на ўездзе плануецца паркінг, карэтны двор з пракатам коней і экіпажаў, база электрамабіляў і ровараў, а таксама стварэнне канатнай дарогі, якая будзе злучаць гістарычны комплекс з гарадскім паркам, чыгуначным вакзалам і цэнтрам сучаснага горада.

Грамадскі актывіст з незарэгістраванага аб’яднання “Стары горад” Ігар Бараноўскі сказаў у інтэрв’ю” “Еўрарадыё”:

“Спадзяюся, што гэтая ідэя, калі рэалізуецца, хоць мінімальна будзе адпавядаць гістарычнай рэчаіснасці. А не так, што змяшаюць ўсё да кучы -- і гістарычны сярэднявечны комплекс, і музей цягнікоў ці абароны. Каб потым раптоўна не выявілася, што сярэднявечныя будынкі былі з еўравокнамі”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі