Цягнікі і аўтобусы польскія мытнікі афармляюць у звыклым рэжыме

А вось з грузавымі аўтамабілямі па-ранейшаму крытычная сітуацыя. За суткі на тэрыторыю Польшчы праз пункт пропуску “Казловічы” праехала толькі каля 40 машын — у 10 разоў менш, чым звычайна
Польскія мытнікі, нягледзячы на забастоўку, амаль у звыклым рэжыме правяраюць пасажырскія цягнікі, аўтобусы з турыстамі і легкавыя машыны, які праязджаюць праз беларуска-польскую мяжу ў Брэсце. Пра гэта Еўрарадыё паведамілі на Брэсцкай мытні.

“Польскія мытнікі афармляюць тых людзей, якія едуць на аўтобусах, цягніках, афармляюць тых, хто вандруе, едзе транзітам. А вось мясцовыя жыхары памежнай паласы, якія часта ездзяць у Польшчу і карыстаюцца сістэмай Tax Free, проста ўстрымаліся ад паездак, ведаючы, што ўзнікнуць цяжкасці з вяртаннем падаткаў. А звычайных людзей палякі вельмі хутка афармляюць”.

Што датычыць грузавога тэрміналу “Казловічы”, то, па словах прадстаўніка Брэсцкай мытні, там сітуацыя застаецца крытычнай:

“За суткі на ўезд у Беларусь аформлена каля 130 машын, выезд — каля 40 машын. У звычайныя дні, што датычыць выезду, то гэта як мінімум у 10 разоў больш. Што датычыць тых, хто ўязджае на тэрыторыю нашай краіны, то гэта не 130, як цяпер, а каля 600”.

Фота — bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі