Вы тут

Цудоўная Беларусь будучыні: палітыкі (і Міхалок), калі нарэшце прыйдуць да ўлады

(Міхалок — не прэзідэнт)

Здымкі дзядуляў і бабуль запоўнілі сацсеткі. Не, моладзь не посціць сумесныя сэлфі з родзічамі падчас летніх вакацый у родных вёсках. Праз два гады зноў завірусілася праграма для апрацоўкі фота, што ў тым ліку дапамагае “састарыць” чалавека на здымку. Тэхналогія робіць гэта значна лепш, чым было раней. Адсюль і чарговая хваля папулярнасці.

Хто і якія пасады мог бы заняць ва ўрадзе цудоўнай Беларусі будучыні — тэма для разважанняў не новая. Аднак цяпер, пры дапамозе FaceApp, мы можам візуалізаваць нашыя фантазіі пра мірныя, але вельмі доўгачаканыя перамены.

 

Пазітыўны і з усімі зубамі на месцы кіраўнік “Гавары праўду” Андрэй Дзмітрыеў узначаліць Міністэрства інфармацыі. Магчыма, нават пераймянуе ў Міністэрства праўды. 

 

Сяргей Міхалок — міністр культуры, вядома. Спадзяёмся, што ў ведамстве пад кіраўніцтвам былога “ляпіса” не будзе праблем у працы з незалежнымі СМІ. 

 

Віталь Гуркоў — міністр спорту і турызму. Калі не атрымаецца спраўляцца з абавязкамі, то можна памяняцца пасадамі з Сяргеем Міхалком. 

 

Антон Матолька — міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Тут без каментарыяў.
 

Досвед з папулярызацыяй вышымаек мусіць дапамагчы Паўлу Белавусу з прызначэннем на пасаду міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю.  

Праводзіць нарады Міністэрства адукацыі пры дапамозе гульнявых стрымаў зможа яго кіраўнік — блогер і гісторык Эдуард Пальчыс.

Міністр лясной гаспадаркі Зміцер Дашкевіч — страшны сон супрацоўнікаў Бараўлянскага лясгаса, што ў 2019-м зносілі крыжы ў Курапатах. Аднак не думаем, што прынцыповы хрысціянін Дашкевіч — прыхільнік люстрацый (прынамсі жорсткіх люстрацый).  

 

Павел Севярынец і Віталь Рымашэўскі — аснова правацэнтрысцкай апазіцыі ў беларускім парламенце. За кансерватыўныя каштоўнасці да самага канца.

 

Яраслаў Раманчук у свой час адмовіўся ўзначаліць чатыры стратныя калгасы ў Мінскай вобласці. І не дарма: галоўны лібертарыянец краіны ў цудоўнай Беларусі будучыні будзе падымаць з каленяў эканоміку з крэсла міністра адпаведнага ведамства.

 

Сяргей Чалы растлумачыць на пальцах, чаму менавіта ён мусіць узначаліць Нацбанк. 

 

Грамадскі актывіст і былы палітпрызыўнік Франак Вячорка не па чутках ведае праблемы ў беларускім войску. Спадзяёмся, на пасадзе міністра абароны ён зможа іх усе выправіць.

Палітычнаму аглядальніку Арцёму Шрайбману Еўрарадыё калегіяльным рашэннем аддало Міністэрства замежных спраў. Бо нам так захацелася.

 

Амбасадара мірных перамен Таццяну Караткевіч мы бачым на пасадзе прэм’ер-міністра.

І нарэшцэ, прэзідэнт Рэспублікі Беларусь: гэта — комік і шоўмен Вадзім Галыгін. Усе трэнды звычайна таксама даходзяць да нас са значным спазненнем.